Крэмль больш не патрабуе "дэнацыфікацыі" Украіны —The Financial Times

29/03/2022 - 07:41
Раней прадстаўнікі Расіі і Украіны некалькі разоў сустракаліся ў Беларусі​  / БЕЛТА

Масква перагледзела свае патрабаванні на перамовах з Кіевам і больш не патрабуе ад Украіны "дэнацыфікацыі", піша The Financial Times.

Па дадзеных выдання, са спісу патрабаванняў зніклі таксама згадкі пра "дэмілітарызацыю" і статус рускай мовы ва Украіне. Актуальнай засталася адмова Украіны ад сяброўства ў NATO, распрацоўкі ядзернай зброі і размяшчэння на сваёй тэрыторыі замежных вайсковых баз. Пры гэтым дапускаецца ўступленне Украіны ў ЕС.

Самым праблемным застаецца пытанне аб статусе Крыма і Данбаса. Яно можа быць адкладзена да сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і Расіі Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна, адзначае выданне.

Нагадаем, на днях у інтэрв'ю расійскім журналістам Зяленскі каментаваў патрабаванні Масквы на перамовах і сфармуляваў пазіцыю ў гэтым пытанні Кіева. Ён, у прыватнасці, заявіў, што пытанні "дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі" украінскі бок абмяркоўваць не будзе. Ён папярэдзіў, што "мы наогул не сядзем за стол, калі будзем казаць пра нейкую "дэмілітарызацыю", нейкую "дэнацыфікацыую". Пры гэтым Кіеў гатовы даць гарантыі бяспекі і нейтралітэту і пагадзіцца на бяз'ядзерны статус.

Чарговы раўнд перамоваў аб спыненні вайны пройдзе сёння ў Стамбуле. Дэлегацыі ўжо прыбылі ў сталіцу Турцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі