Акалічнасці і прычына смерці невядомыя / "Весна"
Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе пра смерць віцебскага ўрача Ігара Паснова ў наваполацкай ПК-1. Акалічнасці і прычына смерці невядомыя, паколькі ў яго няма блізкіх сваякоў, якія маглі б іх высветліць.
Пасноў набыў вядомасць у 2013 годзе дзякуючы крытыцы віцебскіх медустаноў. Пасля выступлення ў незалежных СМІ супраць тагачаснага старшыні аблвыканкама Аляксандра Касінца яго на месяц прымусова змясцілі ў псіхіятрычную клініку.
Урач аспрэчваў рашэнне суда і дыягназ. Паводле "Вясны", у 2014 годзе спецыялісты Незалежнай псіхіятрычнай асацыяцыі Расіі зрабілі выснову, што ён не патрабаваў лячэння.
Паводле сцверджанняў некаторых крыніц, у ПК-1 Пасноў апынуўся пасля канфлікту з уладамі Докшыцкага раёна. Дата суда, абвінавачанне і прыгавор невядомыя: урач жыў замкнёна, сваякоў у яго не было.
Былыя зняволеныя расказвалі пра здзекі адміністрацыі над Пасновым і яго беспаспяховыя спробы дамагчыся справядлівасці. У апошні час з калоніі паступалі паведамленні пра яго цяжкі псіхалагічны і фізічны стан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут