Канец энергетычнай пупавіны з Расіяй і Беларуссю / x.com/MFAestonia
8 лютага 2024 года краіны Балтыі канчаткова выйшлі з энергакальца БРЭЛЛ, якое аб’ядноўвала Беларусь, Расію і Балтыю ў адзіную энергасістэму. Гэта маштабная падзея, якую называюць “энергетычным разрывам”, і яна цалкам зменіць сітуацыю ў рэгіёне.
Рашэнне адключыцца ад сістэмы, якая кіруецца з Масквы, краіны Балтыі прынялі яшчэ ў 2018 годзе. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну працэс паскорыўся, і вось у лютым 2025 года Літва, Латвія і Эстонія падключаюцца да еўрапейскай сеткі.
Еўрарадыё распавядае, што такое БРЭЛЛ, адкуль цяпер будзе паступаць электраэнергія ў краіны Балтыі і якія будуць доўгатэрміновыя наступствы для БелАЭС.
Энергакальцо БРЭЛЛ (Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія, Літва) працавала з 2001 года. Яно аб’ядноўвала электрасеткі гэтых краін, дазваляла падтрымліваць стабільную частату і дапамагала ў выпадку аварый. Аднак кіравалася сістэма з Масквы, што ставіла маленькія краіны Еўропы ў энергетычную залежнасць.
Пасля выхаду з БРЭЛЛ краіны Балтыі будуць працаваць праз сістэму LitPol Link – лінію электраперадач паміж Літвой і Польшчай.
Таксама будзе выкарыстоўвацца дадатковы праект Harmony Link, які забяспечыць сувязь з еўрапейскім энергарынкам.
Беларускія ўлады разлічвалі прадаваць электраэнергію са сваёй АЭС у Літву і Латвію. Аднак Літва з самага пачатку выступала супраць беларускай атамнай станцыі, лічачы яе небяспечнай.
Пасля адключэння краін Балтыі ад БРЭЛЛ знікла фізічная магчымасць пастаўляць электраэнергію з БелАЭС у Еўропу. За апошнія гады былі дэмантаваны 16 ліній электраперадач, якія злучалі гэтыя краіны з Расіяй і Беларуссю, уключаючы падводныя кабелі ў Балтыйскім моры. Каб пачаць экспарт, спатрэбяцца тэхнічныя рашэнні, інфраструктурныя змены, а галоўнае — палітычная воля ЕС, што немагчыма без змены рэжыму ў Беларусі.
БелАЭС генеруе лішкі электраэнергіі, але прадаць іх няма каму. На дадзены момант Беларусь не пастаўляе электраэнергію ва Украіну. Больш за тое, Украіна планавала правесці тэставае адключэнне ад энергасетак Расіі і Беларусі для падрыхтоўкі да сінхранізацыі з еўрапейскай энергасістэмай. Вайна вымусіла зрабіць гэта ў экстранным рэжыме.
Расія і Беларусь застануцца з лішкамі электраэнергіі сам-насам. Раней яна пераразмяркоўвалася ў сістэме БРЭЛЛ, цяпер гэты механізм больш не працуе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут