Колькі рэальна можна сэканоміць са зніжкай, якую чыноўнікі далі маламаёмным

19/01/2022 - 13:22
Фота Еўрарадыё

З 17 студзеня чыноўнікі абяцалі зніжку 10% на сацыяльна значныя тавары ўразлівым з фінансавага пункту гледжання катэгорыям насельніцтва. У канцы 2021-га ішла гаворка пра тое, каб на прадукты, якія адносяцца да такіх, нават адмяніць цэнавае рэгуляванне, якое дзейнічала амаль увесь мінулы год. Аднак цэны працягвалі імкліва расці, і чыноўнікі перагледзелі планы: пакінулі рэгуляванне цэн і падтрымалі маламаёмных.

Хто можа прэтэндаваць на зніжку?

Дзесяць адсоткаў змогуць сэканоміць пенсіянеры, інваліды, людзі са шматдзетных сем'яў і іншыя, у каго даход меншы за бюджэт пражытковага мінімуму — 288 рублёў. Калі прыкінуць груба, то зніжку атрымае каля 30% насельніцтва Беларусі. Толькі пенсіянераў у нас прыкладна 26% ад агульнай колькасці людзей.

У якіх гандлёвых сетках даюць зніжкі?

Пагадненне аб прызначэнні зніжак падпісалі 16 гандлёвых сетак. Сярод іх "Еўраопт", "Суседзі", "Санта", "Віталюр", "Белмаркет", "Гіпа", "Дабраном", "Алмі", Green, "Карона", "Прастор", "ДарОРС" і нават "Белкаапсаюз". Гэта добрая навіна для пенсіянераў, якія жывуць у вёсках, дзе гандлюе толькі райспажыўтаварыства. Яны таксама змогуць сэканоміць.

На што распаўсюджваецца зніжка?

Спіс сацыяльна значных тавараў даволі вялікі. Там 29 пазіцый. Гэта значыць, заплаціць на 10% менш можна ледзь не за ўсе пазіцыі з прадуктовага кошыка.

У пераліку пшанічная мука, аўсяныя шматкі, панцак, жытні хлеб, батон з пшанічнай мукі, вермішэль і локшына, цукар. Таксама ў яго трапілі ялавічына і свініна на косці, куры, малако, кефір, смятана, сухія малочныя сумесі для дзіцячага і дыетычнага харчавання.

Са зніжкай можна купіць тлусты тварог, паўцвёрды і цвёрды сыр, яйкі, масла і алей. Акрамя ўсяго іншага, у спісе ёсць бульба, морква, буракі, цыбуля, капуста і яблыкі.

Як атрымаць зніжку?

На сайтах гандлёвых сетак, якія ўдзельнічаюць у зніжкавай праграме, дакладна прапісаны алгарытм дзеянняў. Часам трэба проста атрымаць картку лаяльнасці крамы, прадставіўшы дакументы, што чалавек сапраўды адносіцца да ўразлівых слаёў насельніцтва. У некаторых сітуацыях акрамя карткі трэба будзе прад'явіць яшчэ і арыгінал дакумента.

Калі картка ўжо ёсць, можа спатрэбіцца памяняць яе статус на "сацыяльны". У асобных выпадках змена статусу альбо афармленне карткі можа заняць да двух тыдняў.

Фота Еўрарадыё

Ці заўсёды зніжка на названыя тавары 10%?

На некаторыя тавары зніжка можа быць меншая. Напрыклад, калі гандлёвая нацэнка на тавар ніжэйшая за сацыяльную зніжку. Тады тавар пакупніку прададуць па сабекошце. Зніжэнне цаны на 10% не распаўсюджваецца на акцыйныя тавары. То-бок калі цана ўжо і так ніжэйшая за звычайную.

Зніжка будзе на пакупкі на любую суму?

Па суме, з якой дадуць зніжку ў адной гандлёвай сетцы, ёсць нюансы. Яна не павінна перавышаць пражытковы мінімум (288,01 рубля) у месяц. Гэта значыць, калі абстрактны пенсіянер у вакууме будзе хадзіць у найбліжэйшую да дома краму месяц і купляць сацыяльна значныя тавары, самае вялікае, што ён зможа сэканоміць, — гэта 28,8 рубля. Варта падкрэсліць, што ніхто не забараняе мець карткі ў некалькіх гандлёвых сетках і атрымліваць там зніжкі.

Калі ж чыноўнікі за максімальную суму ўзялі менавіта пражытковы мінімум для таго, каб паказаць, што сапраўды бедныя людзі могуць захаваць у бюджэце лішнія 28,8 рубля, то тут трэба зрабіць невялікую агаворку. Пражытковы мінімум складаецца не толькі з улікам куплі прадуктаў, але яшчэ і прадугледжвае выдаткі на нехарчовыя тавары і паслугі.

З 1 снежня 2019 года сума на нехарчовыя тавары складае 83% ад сумы, адведзенай на ежу. Гэта значыць, што на прадукты з цяперашняга БПМ прыпадае толькі каля 157 рублёў. Адпаведна, зніжка ў 10% ад яе ўсяго 15,7 рубля. 

Колькі можа сэканоміць пенсіянер ці, скажам, інвалід?

Можна прыкінуць, колькі зможа сэканоміць сярэднестатыстычны пенсіянер або, напрыклад, інвалід I групы.

"Плануецца, што ў 2022 годзе з улікам падвышэння працоўных пенсій сярэднямесячны памер пенсіі па ўзросце пенсіянера, які не працуе, складзе 581,2 беларускага рубля", — анансавала намесніца старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Юлія Мурына.

Паводле звестак Белстата, у спажывецкіх расходах хатніх гаспадарак у III квартале на прадукты прыпадала 36,5% бюджэту. Калі палічыць ад пенсіі ў рублёвым выражэнні, атрымаецца 212,14 рубля. Значыць, зніжка будзе 21,2 рубля.

36,5% на прадукты ад пенсіі інваліда I групы, якая складае ўсяго 316,81 рубля, — гэта 115 рублёў з капейкамі. Значыць, зніжка будзе 11,5 рубля. Але нават калі дапусціць, што такі чалавек выдаткаваў на ежу дзве траціны свайго даходу — 211 рублёў, сэканоміць ён са зніжкай зможа ўсяго 21,1 рубля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі