З 2020 года Мінздароўя перастала публікаваць падрабязную статыстыку па сярэднім медыцынскім персанале / pixabay.com
У сістэме аховы здароўя Беларусі не хапае як мінімум 40 тысяч спецыялістаў сярэдняга звяна, якія атрымалі профільную адукацыю, але не працуюць па спецыяльнасці. Пра гэта пішуць "Белыя халаты".
Паводле звестак Белстата, з 1991 па 2019 год у медвучэльнях і каледжах Беларусі было падрыхтавана больш за 129 тысяч спецыялістаў сярэдняга медыцынскага звяна. Большасць з іх да 2025 года яшчэ не павінны былі выйсці на пенсію, а значыць, маглі б працягваць працу ў сістэме.
Аднак, паводле дадзеных Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, на канец 2023 года ў дзяржаўных установах аховы здароўя працавалі каля 99 тысяч чалавек з адпаведнай адукацыяй. З іх толькі каля 87% — да пенсійнага ўзросту, што складае прыкладна 86 тысяч чалавек.
Параўноўваючы гэтыя 86 тысяч з 129 тысячамі падрыхтаваных спецыялістаў, становіцца зразумела: як мінімум 40 тысяч чалавек пакінулі прафесію задоўга да пенсіі. І гэта — без уліку тых, хто атрымаў дыплом у 2020–2023 гадах.
Нагадаем, што з 2020 года Міністэрства аховы здароўя перастала публікаваць падрабязную статыстыку па сярэднім медыцынскім персанале.
Сярод прычын "Белыя халаты" называюць прафесійнае выгаранне, механізмы прымусу, калі дзяржава замест матывацыі выкарыстоўвае ціск, а таксама палітычны фактар пасля пратэстаў 2020 года.
Паводле "Белых халатаў", сістэма "латае" кадравыя дзіркі пенсіянерамі, студэнтамі і перагрузкай персаналу. У Мінску каэфіцыент сумяшчальніцтва па сярэднім медперсанале дасягае 1,28 — гэта значыць, супрацоўнікі працуюць на 1,5–2 стаўкі.
Па рэгіёнах замацаванне маладых спецыялістаў не перавышае 72–82%, а гэта значыць, што кожны чацвёрты не затрымліваецца ў прафесіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут