Няма беларусаў, якім трэба вывучаць беларускую мову, — яе трэба толькі аднавіць, лічыць дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. А філолаг і перакладчык Сяргей Шупа разбурае стэрэатыпы, паводле якіх адзіная дзяржаўная беларуская мова можа з’явіцца толькі праз гвалтоўнае насаджэнне.
Гэтую размову мы падрыхтавалі адмыслова да Дня беларускай мовы.
Шмат якія рускамоўныя беларусы матывуюць свой выбар мовы рускамоўным асяроддзем. Сяргей Шупа лічыць, што гэтае асяроддзе трэба ствараць праз увядзенне адзінай дзяржаўнай мовы. І калі дзяржаўныя функцыянеры, медыя, школы, садкі загавораць па-беларуску, тады і астатнім беларусам будзе прасцей пераходзіць на беларускую.
“Трэба добра разабрацца з тым, што такое дзяржаўная мова. Я чуў ад некаторых прадстаўнікоў дэмакратычных структур неразуменне. Яны кажуць: давайце не будзем засяроджваць увагу на пытаннях, якія могуць нас раздзяліць. У іх уяўленні абвясціць адзіную дзяржаўную мову — стварыць сітуацыю, пры якой людзі будуць прымушаныя цалкам на ёй гаварыць. Дома, у школе, у сям'і, на вуліцы, у краме, у дзяржаўных установах. Не, дзяржаўная мова — гэта трошкі іншае”, — кажа Шупа.
Ён тлумачыць: дзяржаўная мова — тая, на якой вядзецца дакументацыя, працуюць дзяржаўныя ўстановы. То-бок абавязаныя на ёй гаварыць толькі людзі, якія гэтую дзяржаву прадстаўляюць.
“Можна адкрыць курсы найперш для тых, каго закон абавязвае засвоіць гэтую мову. А за імі падцягнецца і ўсё насельніцтва”, — лічыць суразмоўнік Еўрарадыё.
Ён прапануе сачыць за сітуацыяй ва Украіне. Шмат у якіх гарадах людзі гавораць па-руску, хоць дзяржаўная мова — украінская.
“І ніхто іх не прымушае, ніхто іх гвалтам не гоніць. Тое самае ў Беларусі: не трэба баяцца, на якой мове жыве само грамадства, людзі — гэта ім вырашаць. І калі яны адчуюць патрэбу, яны ўвальюцца ў дзяржаўны струмень”, — разважае Шупа.
Франак Вячорка ўпэўнены, што беларускія палітыкі безальтэрнатыўна павінныя размаўляць па-беларуску. Адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра тое, чаму Святлана Ціханоўская часцей гаворыць па-руску, ён зазначае: не, яна пераходзіць.
“І ўчора, сустракаючыся з беларусамі ў Мюнхене, размаўляла па-беларуску. І на ўсіх сустрэчах, у тым ліку з прэсай, выступае, дае інтэрв'ю, гаворыць па-беларуску. У сям'і яна гаварыла па-руску, для яе гэтая мова больш звыклая, больш камфортная. Але і большасць людзей, якія задаюць ёй пытанні, камунікуюць па-руску”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут