Кіроўцы не падзялілі дарогу пад Рэчыцай — перакуліўся мікрааўтобус

07/01/2020 - 08:05

У Рэчыцкім раёне перакуліўся грузапасажырскі мікрааўтобус, ёсць пацярпелы. Як інфармуе прэс-служба МУС, ДТЗ адбылося ўвечары ў панядзелак на 87-м кіламетры трасы М-10. Мікрааўтобус ехаў з Хойнікаў у Гомель, акрамя кіроўцы, у салоне знаходзіліся трое пасажыраў. Як толькі Mercedes Sprinter перабудаваўся на левую паласу, ззаду з'явіўся невядомы аўтамабіль, які пераключэннем святла фар патрабаваў саступіць яму шлях. Калі ж гэтага не адбылося, машына абагнала мікрааўтобус па суседняй паласе, выехала на левую паласу і пачала тармазіць.

Такім чынам была створана аварыйная сітуацыя. Кіроўца Mercedes Sprinter націснуў на педаль тормаза. Мікрааўтобус занесла, ён перакуліўся на правы бок, а прычэп адарвала і вынесла ў кювет. Адзін з пасажыраў атрымаў траўмы — з пераломамі трох рабрын яго шпіталізавалі ў Рэчыцкую цэнтральную раённую бальніцу.

На месца здарэння прыязджалі супрацоўнікі ДАІ, медыкі і ратавальнікі. Праводзіцца праверка, высвятляюцца ўсе абставіны ДТЗ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі