Кіраўнік Нацбанка Беларусі распавёў пра мэты і задачы на 2019 год

20/12/2018 - 14:22

Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Павел Калаўр 20 снежня на прэс-канферэнцыі падвёў папярэднія вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў бягучым годзе і распавёў пра мэты, задачы на 2019 год. Як вядома, днямі было прынятае рашэнне захаваць на бягучым узроўні стаўку рэфінансавання. Па словах Калаўра, па выніках 2018 года індэкс спажывецкіх коштаў ацэньваецца на ўзроўні не вышэйшым за 5,5%, працэнтныя стаўкі па новых рынкавых крэдытах у нацыянальнай валюце — каля 11% гадавых, узровень золатавалютных рэзерваў — каля 7 млрд долараў (толькі ў снежні будзе выплачана па ранейшых крэдытах каля 1 млрд долараў).

Старшыня праўлення Нацбанка кажа, што ў наступным годзе "вельмі важна замацаваць дасягнутыя вынікі, падтрымліваючы станоўчыя трэнды  ў эканомікі ў цэлым і ў грашова-крэдытнай сферы ў прыватнасці". У 2019-м дзеянні Нацыянальнага банка будуць накіраваныя на падтрыманне цэнавай і фінансавай стабільнасці. Пастаўлена задача, каб інфляцыя склала не больш за 5% (для яе дасягнення будзе працягвацца выкарыстанне рэжыму манетарнага таргеціравання). Калі не будзе "значных шокаў", на канец 2019-га стаўка рэфінасавання ацэньваецца на ўзроўні 9-10%.

Павел Калаўр выказаўся і наконт дынамікі курсу нацыянальнай валюты і сітуацыі на грашовых рынках: "Варта зыходзіць з таго, што ў наступным годзе мы можам сутыкнуцца з імпартам інфляцыйна-дэвальвацыйных працэсаў і іншых шокаў з Расійскай Федэрацыі". Па словах старшыні праўлення Нацбанка, негатыўны эфект можна будзе зменшыць праз правядзенне "узважанай і адказнай грашова-крэдытнай палітыкі, у тым ліку праз своечасовую і адэкватную рэакцыю праз працэнтны і курсавы каналы".

На 2019 і наступныя гады пастаўлена задача павелічэння золатавалютных рэзерваў (у наступным годзе — да $7,1 млрд) і зніжэння ўзроўню дзяржаўнага доўга.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 20.12

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі