"Хай б'юцца галавой аб сцяну" — Арменія адказала на ідэю саюзнай дзяржавы з РФ

11/03/2026 - 14:48

Пашынян, Лукашэнка і Пуцін / Contributor/Getty Images

У Арменіі жорстка адрэагавалі на прапанову ўвайсці ў склад саюзнай дзяржавы з Расіяй. Такая прапанова абурыла прадстаўнікоў кіруючай партыі Арменіі, незалежных экспертаў і большасць карыстальнікаў сацсетак.

Аднак ідэю падтрымалі апазіцыйныя палітыкі, якія плануюць удзельнічаць у парламенцкіх выбарах у чэрвені. "Мы павінны ўвайсці ў склад саюзнай дзяржавы. Не ведаю, як яе цяпер назавуць, але каб было — як у Савецкім Саюзе", — перадае jam-news.net словы былога сакратара Савета бяспекі Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Віталя Баласаняна. Ён падтрымлівае лідара партыі "Моцная Арменія", доларавага мільярдэра Самвела Карапяцяна, які знаходзіцца пад хатнім арыштам за заклікі да захопу ўлады.

Віцэ-спікер армянскага парламента Рубен Рубінян заявіў, што Баласанян "здаў Карабах і збег у Арменію", а цяпер дзейнічае заадно з расійскім алігархам Карапяцянам:

"Хай б'юцца галавой аб сцяну. Такія, як Баласанян, не дачакаюцца страты незалежнасці Арменіі. Не відаць ім гэтага як сваіх вушэй. Мы гэтага не дапусцім. 7 чэрвеня мы павінны адправіць усе сілы, якія дзейнічаюць супраць незалежнасці Арменіі, да чортавай маці ці любое іншае месца — на іх выбар".

У Саюзную дзяржаву аб'яднаныя Беларусь і Расія. Дамову пра стварэнне такой дзяржавы яны падпісалі ў 1999 годзе. У рамках Саюзнай дзяржавы Беларусь перадала частку сваіх суверэнных паўнамоцтваў саюзным структурам, абмежаваўшы свае правы прымаць самастойныя рашэнні па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі