"Хамас" абвясціў пра стварэнне адзінага фронту з "Хезбалой"

28/09/2024 - 15:38

"Хамас" / Global Look Press

Палесцінская групоўка "Хамас" заявіла аб стварэнні "адзінага фронту" з "Хезбалой" пасля ліквідацыі лідара ліванскай арганізацыі Ізраілем.

"Мы пацвярджаем нашу салідарнасць і падтрымліваем братоў з "Хезбалы"... мы заклікаем Міжнародны крымінальны суд прыняць неабходныя меры для судовага пераследу і арышту лідараў сіянісцкага ўтварэння як вайсковых злачынцаў", — гаворыцца ў заяве "Хамас".

Баевікі звярнуліся не толькі да МУС, але і да Лігі арабскіх дзяржаў і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва. Яны заклікаюць спыніць аперацыю Ізраіля ў Ліване і Газе.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі ў суботу, што забілі Хасана Насралу, лідара шыіцкай групоўкі "Хезбала", у выніку ўдару, нанесенага па Бейруце ў пятніцу. У суботу групоўка "Хезбала" пацвердзіла гібель Насралы. Ён кіраваў арганізацыяй з 1992-га, пасля ліквідацыі папярэдняга лідара. Акрамя Хасана Насралы, ізраільскія сілы знішчылі мноства іншых высокапастаўленых камандзіраў "Хезбалы".

Ізраіль заяўляе, што праводзіць аперацыю супраць ліванскай групоўкі, каб спыніць абстрэлы з боку "Хезбалы" і каб жыхары паўночных (прыгранічных) тэрыторый краіны маглі вярнуцца ў свае дамы і быць там у бяспецы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі