Дзеці расказалі, як уяўляюць сабе сустрэчу з бацькамі , калі тыя выйдуць на волю / ілюстрацыя, pixabay.com
Якімі памятаюць дзеці сваіх тату ці маму, чаго жадаюць для іх сёння? Politzek.me запісаў адказы як ёсць, не рэдагуючы, бо гэта і ёсць самае каштоўнае — шчырасць маленькіх сэрцаў.
Мама — Антаніна Канавалава, пазбаўленая волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 5 гадоў і 6 месяцаў. Бацька — Сяргей Ярашэвіч, пазбаўлены волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на 6 гадоў і тры месяцы.
У мамы цёмныя валасы, як у Вані. І сінія вочы. На мой дзень нараджэння мама падарыла мне касметыку.
Калі мама вернецца, я падрыхтую сюрпрыз і намалюю кветачкі. Я абдыму маму, а потым заплюшчу ёй вочы рукамі, прывяду і скажу: "Сюрпрыз!”
Я сумую па Беларусі. Яна рознакаляровая.
А больш я нічога не памятаю. (Насці было чатыры гады, калі маму пасадзілі).
Жадаю маме здароўя, каб яна не хварэла, усміхалася, а ўсіх дрэнных людзей пасадзілі ў турму.
Тату памятаю. У яго валасы цёмныя і стрыжка, як у Вані. А яшчэ ён вельмі мілы. Не памятаю, як з ім гуляла. Хачу, каб тата і мама не сумавалі без нас. Каб яны былі цэлыя. Каб тата хутчэй вярнуўся разам з мамай.
Мама — Антаніна Канавалава, затрыманая ў верасні 2020 года, асуджаная да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 5 гадоў і 6 месяцаў.
Бацька — Сяргей Ярашэвіч, пазбаўлены волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на 6 гадоў і тры месяцы.
Я памятаю маму мілай, добрай і клапатлівай. Мама неяк знайшла каля нашай рэчкі сабачак і ўзяла іх. Іх нехта скінуў з моста. А мама, пачуўшы выццё, знайшла іх і прынесла дадому. Потым іх раздалі. Бо ў нас ужо быў сабака Кэндзі. Я на ім катаўся, калі мне было пяць гадоў, а мама трымала Кэндзі, бо ён брыкаўся.
Я з мамай не размаўляў ужо тры месяцы. Я па ёй сумую. Калі маму ўбачу, я яе абдыму. А яшчэ падрыхтую сюрпрыз, але які — не скажу, гэта ж сюрпрыз.
Я жадаю маме, каб яна яшчэ трошачкі вытрывала, і мы яе адтуль абавязкова забярэм.
А тата заўсёды мне дапамагаў. Гуляў са мной у футбол. У нашым двары ў вёсцы. А яшчэ памятаю, як катаў нас на машыне. Хачу, каб ён не хварэў і хутчэй выйшаў.
Тата — Сяргей Лісоўскі, затрыманы ў жніўні 2021 года. Унесены ў спіс "тэрарыстаў". Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Тата моцны, у яго заўсёды на твары ўсмешка, але мала валасоў, калі сказаць шчыра.
Ён вельмі вясёлы, добры, працавіты. Мы з ім часта па вечарах клаліся ў ложак, гулялі, расказвалі адзін аднаму небыліцы, смяшылі адзін аднаго. А потым прыходзіла бабуля, яна злавалася, што мы яшчэ не спім.
Адзін раз, калі мы былі ў Турцыі, я пачаў падаць з пірса ў мора, заблытаўся ў канатах, крычаў маме: "Мама, памажы!", а прыбег тата, схапіў мяне і выцягнуў. Тата мой абаронца заўсёды.
А яшчэ мы неяк купаліся ў моры з татам, хоць былі вывешаныя чырвоныя сцягі. А хвалі былі два метры вышынёй. Нам было так весела!
Яшчэ памятаю, як мы з татам каталіся ўздоўж мінскай рэчкі на роварах. Дарэчы, тата ў мяне паверыў, калі я сказаў, што змагу паехаць на двухколавым ровары сам, без падтрымкі.
Без таты мне сумна. Без яго менш маральнай падтрымкі. Але я хачу быць на яго падобным. Такім жа вясёлым, такім жа моцным і працавітым, толькі каб валасоў паболей было.
Я жадаю тату найхутчэйшага "адпушчэння" з турмы. Застацца такім жа вясёлым, моцным, такім як раней, толькі нават лепей. Каб яго турма нічым не сапсавала.
Тата мой аўтарытэт, ён для мяне герой. Я яго вельмі люблю. Успамінаю, як я хадзіў на стадыён і глядзеў, як ён гуляў з хлопцамі ў футбол, а цяпер, калі я гуляю ў футбол і забіваю галы, мне заўсёды ўспамінаецца тата. Успамінаю, як мы хадзілі прагуляцца. Успамінаю, як тата прыязджаў з працы і падкідваў нас.
Я пішу тату лісты, а ён мне піша. У лістах ён расказвае розныя гісторыі, успамінаючы, напрыклад, як хадзіў на першую Лігу чэмпіёнаў у Беларусі. Часам я задаю яму задачку па шахматах, а часам ён мне.
Я стараюся дапамагаць маме. Гуляю з братамі на вуліцы, наводжу парадак, праціраю пыл, выношу смецце пастаянна. Стараемся, каб у мамы кожны дзень быў добры настрой. Але не заўсёды атрымліваецца, праўда.
Жадаю, каб тата хутчэй прыйшоў да нас. Я ведаю, што ён сумленны, ён быў за Беларусь. Хацеў, каб правіў прэзідэнт, які годны гэтага. А не той, хто ўсё падрабляе. Ён хацеў, каб Беларусь была сумленная краіна.
Памятаю, што тата такі з барадой. Яшчэ памятаю, што ён падушкай збіў лямпачку (гулялі ў бой падушкамі).
Лукашэнка думаў, што тата яго паб'е і пераможа. Ён вырашыў яго пасадзіць у турму, таму што не хацеў, каб тата яго перамог.
У таты, памятаю, твар такі круты, мне падабалася. А ў турме ў яго змяніўся твар, галава стала круглай. І барада стала карацей.
Я сумую па ім, таму што вельмі моцна люблю яго. Памятаю, як тата з мамай у нашым доме рабілі паласу перашкодаў, а мы яе праходзілі.
Тата за час у турме стаў крутым мастаком, ён так крута малюе!
Мне хочацца хутчэй сустрэцца з татам, абняцца. Хутка ў нас будзе спатканне. Тату я б пажадаў шчасця і дабра, каб ён не сумаваў, бо зусім хутка мы з ім сустрэнемся. Я адразу налячу на тату і пацалую.
Я ведаю, што тата быў вельмі сумленны. Быў супраць гэтых двух... дурняў.
Фонд BYSOL абвясціў збор на летні адпачынак для дзяцей палітычных зняволеных. Як пакінуць ахвяраванне — даведвайцеся тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут