КДБ не выявіў у Беларусі фармаванняў экстрэмісцкай скіраванасці

04/04/2016 - 18:30

КДБ не выявіў у Беларусі фармаванняў экстрэмісцкай скіраванасці. Пра гэта ў панядзелак у Савеце Рэспублікі заявіў старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык. У той жа час "была выяўлена і папярэджаная дзейнасць падобных структур, якія мелі ў сваёй дзейнасці прыкметы экстрымісцкіх фармаванняў".

У якасці прыкладу Вакульчык прывёў затрыманне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці ў 2010-2012 гадах чальцоў анархісцкай групоўкі, якія выкарыстоўвалі "кактэйлі Молатава". Былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці заснавальнікі нейкай радыкальнай групоўкі, якая "распаўсюджвала прафашысцкія погляды ў інтэрнэце" і мела сувязі з аднадумцамі ва Украіне. Ужываліся прафілактычныя меры ў дачыненні "групоўкі мусульман", якая распаўсюджвала радыкальныя рэлігійныя погляды.

Як інфармуе БелаПАН, сенатар Ігар Марзалюк пацікавіўся, ці не плануецца стварэнне базы грамадзян краіны, "найперш інтэлектуальнай эліты", якія, у тым ліку працуючы выкладчыкамі ВНУ, праводзяць "ідэалагічную апрацоўку экстрэмісцкай скіраванасці"? І ці магчымая забарона на прафесію для такіх людзей? Вакульчык сказаў, што такіх фактаў ён не ведае.

Як паведамляла Еўрарадыё, 4 красавіка Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу ўхваліў папраўкі ў шэраг законаў. У Крымінальны кодэкс уводзяцца артыкулы, якія прадугледжваюць пакаранне за стварэнне і фінансаванне аб'яднанняў грамадзян, калі ў іх дзейнасці прысутнічаюць прыкметы экстрэмізму. Уводзіцца крымінальная адказнасць за выраб, набыццё, збыт, захоўванне і перавозку "кактэйляў Молатава".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі