Каталіцкім ксяндзам з Польшчы ўсё ж дазволілі застацца ў Беларусі

14/07/2016 - 13:26

Траім каталіцкім святарам з Польшчы ўсё ж дазволілі застацца ў Беларусі і працягнуць душапастырскую дзейнасць. Інфармацыю аб гэтым курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі атрымала з Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 ліпеня, паведамляе рэсурс catholic.by.

Такім чынам святары а. Раман Шульц OP — пробашч парафіі Св. Казіміра ў Магілёве, канвентуальны францішканін а. Лех Баханэк OFM Conv — пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, аблат а. Ежы Катоўскі OMI — пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Крыштафа ў Калодзішчах (Мінскі р-н) будуць працягваць сваю душпастырскую дзейнасць на сваіх месцах у Беларусі.

Раней паведамлялася, што траім ксяндзам не працягнулі дазвол на працяг служэння. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч 11 ліпеня разам з епархіяльным вікарыем Магілёўскай вобласці Аляксандрам Яшэўскім  сустрэўся з упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанідам Гулякам, каб высветліці прычыну адмовы і папрасіць перагледзіць рашэнне. Аднак канкрэтных прычынаў ім не назвалі і катэгарычна адмовіліся працягваць дазвол гэтых святароў на служэнне ў Беларусі.

Навіна пра будучы ад’езд польскіх святароў выклікала даволі вялікі розгалас, пасля чаго ўлады перагледзілі сваё рашэнне.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі