Кантэйнерныя перавозкі БЧ знізіліся ў 2025 годзе

28/03/2026 - 10:43

Кіраўніцтва рабіла стаўку на гэты від дзейнасці як на драйвер росту галіны / LookByMedia

У 2025 годзе Беларуская чыгунка перавезла каля 1,4 млн 20-футавых кантэйнераў, што складае 85,1% ад узроўню 2024 года. Скараціўся транзіт — перавезена 79,4% да папярэдняга года, у тым ліку ў напрамку Кітай–Еўропа — 79,0%, а ўнутрырэспубліканскія перавозкі знізіліся да 61,5%. Такія лічбы прыводзіць Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі са пратакола нарады “Аб падвядзенні вынікаў працы грузавой гаспадаркі за 2025 год і задачах на 2026 год”.

Адзначаецца, што Служба грузавой працы і знешнеэканамічнай дзейнасці займаецца загрузкай інфраструктуры БЧ і фарміруе значную частку даходаў чыгункі.

За 2025 год перавезена 93,7 млн тон грузаў — на 6,6 млн тон менш, чым годам раней. Пагрузка склала 72,7 млн тон, знізіўшыся на 1,9 млн тон і дасягнуўшы толькі 97,5% пры плане больш за 105%.

Знізіўся ў 2025 годзе і экспарт транспартных паслуг — да 93,4 млн долараў — гэта ўсяго 73,6% да папярэдняга года пры плане вышэй за 100%.

У супольнасці адзначаюць, што далейшае скарачэнне транзітных патокаў прыводзіць да падзення валютных паступленняў як для БЧ, так і для Беларусі.

Нягледзячы на правальны 2025 год, кіраўніцтва чыгункі ў 2026 годзе плануе рост перавозак да 104%, пагрузкі — да 103,3%, экспарту паслуг — да 105%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі