Валерый Варанецкі — адзін з нешматлікіх "свядомых дзяржаўнікаў": ён свабодна размаўляе па-беларуску, лічыць Кастуся Каліноўскага беларускім героем. Дыпламат (бо былых дыпламатаў, як і былых разведчыкаў не бывае) ідзе ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў другі раз запар. І робіць гэта не для дэпутацкай пенсіі, а найперш для таго, каб мець магчымасць на парламенцкім узроўні абараняць знешнія інтарэсы Беларусі.
Варанецкі балатуцца па Свіслацкай выбарчай акрузе №94 горада Мінска. У 12-м выпуску праграмы рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука "Кандыdating" ён распавядае, чаму сапраўдныя патрыёты Беларусі мусяць укладаць грошы ў праекты на радзіме, а не хаваць на рахунках у замежных банках; дзе гарантыі, што такіх бізнесменаў-патрыётаў чакае гонар і прызнанне, а не СІЗА КДБ; ці лічацца ў Крамлі з інтарэсамі Беларусі; каму патрэбны легітымны парламент. І шмат пра што іншае.
Хто гэтыя людзі, якія сёлета ідуць у дэпутаты? Побач з палітычнымі цяжкавагавікамі — новыя асобы, якія ўзяліся нібыта з ніадкуль. Як толькі стала вядома, каго зарэгістравалі, а каго не, рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук пачаў запісваць размовы з імі. Так з'явілася праграма "Кандыdating" — блізкае знаёмства з кандыдатамі ў дэпутаты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.