Прыкрая сітуацыя адбылася 1 красавіка з пасажырамі слуцкага аўтобуса №1, піша мясцовае выданне "Кур'ер" са словаў сваёй чытачкі Алены.
Жанчына зайшла ў грамадскі транспарт на прыпынку "9-я школа" і начапіла маску. Побач з ёй была дзяўчына гадоў 15-16.
"Яна, відаць, саромелася, але ўбачыла, што я нацягнула маску, і таксама сваю надзела. Устала кандуктар і пачала абурацца: "Вы з глузду з'ехалі? Чаму вы заходзіце ў аўтобус і апранаеце маскі? Вы здурнелі? Баіцеся заразіцца?". Абілеціла гэтую дзяўчынку. Яна стаіць, пачырванела. Кандуктар зноў: "Як быццам тут заразіцеся? Усё паздыхаць баіцеся", — пераказвае жанчына.
Случанка адзначае, што ў масках цяпер людзі ходзяць ва ўсім свеце, бо асцерагаюцца заразіцца каранавірусам. "У мяне, напрыклад, насмарк, я, можа, не хачу заразіць іншых людзей. А кандуктар сама грошы перадае. У мяне ўзяла, камусьці здачы дала гэтымі грашыма — і вірус, і ўсё можа перадаць", — тлумачыць Алена.
У слуцкім аўтобусным парку №2 з кандкутаркай абяцалі правесці тлумачыльную гутарку. "Я разбяруся ў гэтай сітуацыі", — паабяцала начальнік аддзела арганізацыі перавозак Вікторыя Татур.
І, дарэчы, зранку 2 красавіка кандуктары ў Слуцку ўжо самі былі ў масках. Па словах Вікторыі Татур, маскі супрацоўнікам выдалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.