Склад Ozon у пасёлку Балбасава / yandex.by
Расійскі маркетплэйс Ozon паведаміў, што ўдвая павялічыў складскія плошчы ў Беларусі. Гэтая кампанія, як яе канкурэнт Wildberries, сталі пашыраць свае плошчы па-за тэрыторыяй Расіі пасля атак украінскіх беспілотнікаў па складах.
У пасёлку Балбасава Аршанскага раёна Ozon запусціў лагістычны цэнтр плошчай 26 тыс. кв. м, заўважыла выданне officelife.by. Склад прымае пастаўкі тавараў з 5 кастрычніка, а адгрузка заказаў пакупнікам пачнецца 12 кастрычніка.
Другі сартавальны цэнтр плошчай 12,1 тыс. кв. м адкрыўся ў вытворча-складскім комплексе ў Мінску (раён вуліцаў Гарэцкага і Шаранговіча).
Паведамляецца, што агульная плошўча складоў Ozon у Беларусі павялічылася да 65 тыс. кв. м. Раней у сетку кампаніі ўваходзілі хаб у ТЛК "Каралёў Стан" пад Мінскам і сартавальныя цэнтры ў Гродне, Гомелі і Баранавічах.
Павялічвае сваю прысутнасць у Беларусі і кампанія Wildberries. Яна дабудоўвае буйны лагістычны цэнтр (140 тыс. кв. м) у індустрыяльным парку "Вялікі Камень" пад Мінскам і ўжо вядзе набор персаналу. Таксама гэты маркетплейс пачаў будаваць яшчэ адзін склад, плошча якога можа перавысіць 200 тыс. кв. м.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут