“Камісіі гатовыя па тэлефоне абмяркоўваць зніжэнне-павышэнне яўкі, галасавання"

21/09/2016 - 10:39

Беларус Дзмітрый Балкунец жыве і працуе ў Маскве. На дзявяты дзень пасля беларускіх парламенцкіх выбараў ён выкладае на сваёй старонцы ў ЖЖ запісы тэлефонных размоў з сябрамі выбарчых камісій. Запісы, па яго словах, зробленыя вечарам 11 верасня, калі пачаўся падлік галасоў на выбарчых участках. На запісах чуваць, як Балкунец, называецца супрацоўнікам аблвыканкама і патрабуе перапісаць альбо вынікі яўкі выбаршчыкаў, альбо колькасць галасоў, аддадзеных за пэўнага кандыдата. Суразмоўцы нібыта пагаджаюцца.

Расшыфроўка аднаго з запісаў размовы:

— Акруговая камісія.

— Прывітанне. Гэта Краўчанка турбуе, аблвыканкам. Вы нам дадзеныя перадавалі па яўцы. Неяк малавата — можна крыху павысіць?

— Давайце я вам зараз старшыню дам… Ведаеце, тут да нас зайшлі з АБСЕ…

— З АБСЕ зайшлі? Значыцца, павысіць яўку адсоткаў на 5 ужо нельга будзе?

— Ужо ў нас усё здалі.

— Здалі? І там падлічылі ўжо ўсё?

— Так, цалкам.

— І ўсё па плане ідзе?

— Угу…

— Усё, дзякуй…

Еўрарадыё: Вы можаце назваць нумары ўчастковых выбарчых камісій, куды тэлефанавалі?

Дзмітрый Балкунец: Не, нумары ўчасткаў я не памятаю. Рэч у тым, што я проста адкрыў на сайце ЦВК спіс камісій з адрасамі і нумарамі тэлефонаў і па спісе званіў. Гэта было прыкладна ў 22 гадзіны. На жаль, у мяне батарэя ў тэлефоне села, і я не мог пазваніць раней. Мяркую, калі б атрымалася раней, была б яшчэ цікавейшая карціна. Але мяркую, што тут канкрэтны нумар не прынцыповы: людзі гатовыя па тэлефоне абмяркоўваць пытанні павышэння ці зніжэння яўкі альбо адсотку галасоў некаму з кандыдатаў. Гэта нонсэнс.

Мы маем сведчанне, што гэта тэндэнцыя, характэрная для ўсіх участкаў. Тым больш што я выклаў не ўсе запісы: запісы яшчэ шэрагу размоў былі проста вельмі дрэннай якасці. Але факт у тым, што толькі на некалькіх участках мне адказалі, што не будуць па тэлефоне называць лічбы, а падыдуць і параяцца. Здаецца, такое было на адным з участкаў на акрузе Караткевіч і яшчэ недзе. А ўсе астатнія альбо гатовыя былі гэта абмяркоўваць, альбо казалі, што ў іх ужо ўсё падлічана і яны нічога не могуць зрабіць.

Еўрарадыё: Чаму чалавек, які жыве і працуе ў Маскве, вырашыў правесці эксперымент і праверыць, як праходзяць выбары ў Беларусі?

Дзмітрый Балкунец: У мяне беларускі пашпарт і мне неабыякава тое, што адбываецца ў Беларусі. Апроч таго, падчас мінулай парламенцкай кампаніі ў 2012 годзе я паспрабаваў паназіраць за галасаваннем на ўчастку ў беларускай амбасадзе ў Маскве, але мяне выставілі за дзверы: сказалі, што гэта рэжымны аб’ект і назіраць тут нельга.

Па шчырасці, нават не думаў, што так атрымаецца: што вось так па тэлефоне можна аддаваць каманды сябрам выбарчых камісій, і яны будуць іх слухаць, думаючы, што тэлефануе нехта “зверху”.

Еўрарадыё: Чаму запісы, зробленыя больш за тыдзень таму, выклалі толькі цяпер?

Дзмітрый Балкунец: У мяне не было фізічнай магчымасці апрацаваць запісы. Але тое, што вы пачулі іх праз тыдзень пасля выбараў, не замінае вам упэўніцца, што вынікі галасавання сфальсіфікаваныя.

Еўрарадыё: Звяртаючыся да сяброў выбарчых камісій, вы называліся канкрэтным прозвішчам і называлі ўстанову, якую нібыта прадстаўляеце…

Дзмітрый Балкунец: Гэта ўсё былі прыдуманыя імёны. І тут дзіўна, што ніякіх сумневаў у тым, што тэлефануе рэальны чыноўнік, у сяброў камісій не ўзнікала. Чым гэта не сведчанне таго, што гэтыя людзі ўжо даўно прывыклі рабіць тое, што ім загадваюць “зверху”?

Еўрарадыё: Часам вам старшыні камісій адказвалі: “Я зараз спушчуся”.  Не цікава, як далей там разгортваліся падзеі — калі старшыня камісіі спускаўся ў аблвыканкам, з якога ім нібыта тэлефанавалі?

Дзмітрый Балкунец: Цікава, канечне! Але і гэта сведчанне таго, што людзі гатовыя асабіста абмяркоўваць нейкія пытанні, якія па тэлефоне не гатовыя абмяркоўваць. І гэта азначае, што альбо ў кожным аблвыканкаме ці кожнай выбарчай акрузе быў нейкі “камітэт”, які вырашаў такога кшталту гарачыя праблемы і пытанні. Усе ў парушэннях абвінавачваюць Ярмошыну, але ж яна не больш чым медыйная персона, якая агучвае тое, што ёй кажуць: усе парушэнні і ўсе фальсіфікацыі здзяйсняюць людзі на месцах — настаўнікі, дактары, прызначаныя ў камісіі, адміністрацыі райвыканкамаў і аблвыканкамаў.

У адной з размоў Дзмітрый Балкунец звяртаецца да суразмоўцы "Таццяна Іванаўна". Еўрарадыё прагледзела спісы: у Мінску ёсць толькі адна старшныя акруговай выбарчай камісіі з такімі ініцыяламі — Каменагорскай камісіі №102.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі