Камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дунья Міятавіч асудзіла ператрусы ў беларускіх журналістаў і праваабаронцаў.
"Уціск у Беларусі праз ператрусы, арышты і крымінальны пераслед журналістаў і праваабаронцаў, у тым ліку партнёраў Савета Еўропы і ААН, непрымальны. Свабода выказвання меркаванняў, асацыяцый і сходаў павінна быць забяспечаная ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў сферы правоў чалавека", — напісала яна ў Твітары.
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) таксама запатрабавала, каб беларускія ўлады спынілі пераслед прадстаўнікоў медыя і Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Нагодай для такіх заяваў сталі падзеі 16 лютага. У кіраўнікоў БАЖ і ў офісе арганізацыі, а таксама ў дамах і офісах журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах краіны прайшлі ператрусы. Паводле папярэдніх звестак, сілавікі прыйшлі дадому прыкладна да чатырох дзясяткаў чалавек.
Следчы камітэт заявіў, што ператрусы ладзяцца ў рамках крымінальнай справы паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Следчыя заявілі, што шукаюць крыніцы "фінансавання пратэснай дзейнасці".
Пад гэтае паняцце яны падводзяць аплату штрафаў людзям, асуджаным за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.