Калі вайна зацягнецца, Расія можа прыцягнуць да аперацыі беларускія УС — Лебядок

26/02/2022 - 08:19
Ягор Лебядок / Еўрарадыё

Ёсць некалькі магчымых варыянтаў развіцця падзей ва Украіне, піша ваенны эксперт Ягор Лебядок.

"Калі Украіна і вайскова-палітычнае кіраўніцтва не выстаяць да 1-2 сакавіка, то сапраўды пачнуцца перамовы і Украіна пазбавіцца як свайго кіраўніцтва, так і значнай часткі тэрыторыі", — піша ён.

Першапачатковая задумка расійскіх уладаў сарвалася, мяркуе экспэрт. Пакуль не ўдалося хутка захапіць кіраўніцтва Украіны і забяспечыць выкананне неабходных Пуціну ўмоваў: прызнанне Крыма за Расіяй, пашырэнне "Л/ДНР" да межаў Луганскай і Данецкай абласцей і гатоўнасць Захаду ісці на саступкі.

Эксперт лічыць, што ў гэтых умовах Пуцін "будзе даціскаць захоп тэрыторый для забеспячэння сухапутнага калідора ад Крыма да Растова-на-Доне, пашырэнне "Л/ДНР" да межаў абласцей, а таксама захоп Харкава, Чарнігава, Сум".

Што будзе з гэтымі тэрыторыямі — пытанне адкрытае. На думку Лебядка, Пуцін альбо створыць у межах сухапутнага калідора адзіную Наваросію (запатрабуе, каб Украіна яе прызнала), альбо ўключыць гэтыя тэрыторыі ў состаў Расіі. На астатніх тэрыторыях узгадніць кантраляваныя ўлады і захоча пакінуць расійскіх "міратворцаў". Пры гэтым задзейнічаць міратворцаў АДКБ на гэтых тэрыторыях наўрад ці атрымацца "з-за магчымых рознагалоссяў у АДКБ на гэты конт і з-за іх малой колькасці". А на міратворцаў ААН Пуцін сам наўрад ці пагодзіцца.

Лебядок нават не выключае варыянту, што Пуцін можа аддаць "Чарнігаў і ЧАЭС пад кантроль Беларусі ў той ці іншай форме". Гэта будзе зроблена, каб "павязаць Беларусь у гэтым лайне канчаткова".

Расійская ваенная тэхніка каля Чарнобыльскай АЭС / кадр відэа

Калі Украіна пратрымаецца пару тыдняў

Пуцін можа ўцягнуць Беларусь у непрыемную гісторыю і ў выпадку другога варыянту развіцця падзей — калі Украіне ўдасца выстаяць пару тыдняў.

На думку Лебядка , "у выпадку зацяжнога канфлікту ўсё больш у інтарэсах Расіі прыцягваць да вайны беларускія Ўзброеныя Сілы".

Лебядок нагадвае, што Пуцін не трывае паразаў і ад кожнай дэманстратыўнай аплявухі злуецца і губляе кантроль.

"Чым больш будзе цягнуцца вайна і больш страт, тым больш расійскіх войскаў будзе прыцягвацца", — піша экспэрт. Але так ці інакш, расійскі прэзідэнт будзе імкнуцца зрабіць з Украіны failed state і падзяліць яе.

Пры гэтым Лебядок адзначае яшчэ адзін момант. Зацягванне канфлікту мае яшчэ адно сур'ёзнае нявыгаднае для Расіі значэнне. У яе не бясконцы рэсурс ракет.

"Яна расходавала іх ў Сірыі і працягвае ва Украіне. Абмежаванне паставак высокатэхналагічнай прадукцыі і кампанентаў у Расію можа абмежаваць у перспектыве 5 гадоў рэсурс і магчымасці расійскіх узбраенняў — у тым ліку ракетнага і СПА",  — піша Лебядок.

Жылы дом у Кіеве пасля ракетнага абстрэлу / @uniannet

Палітычныя наступствы

Палітычным наступствам канфлікту, на думку Лебядка, можа стаць рэзкая трансфармацыя або скасаванне ААН — як у свой час адбылося з Лігай Нацый.

У Еўропе і ЗША будзе нарастаць супрацьстаяньне з Расіяй, і не толькі з ёй. Зноў кажуць пра Халодную вайну, вяртаецца яе разуменне — "што гэта барацьба не толькі і не столькі з краінай, колькі за захаванне свайго палітычнага парадку ў Еўропе".

Для ўсіх тых, хто лічыць, што дыктатуры — гэта не дрэнна, можна жыць, Лебядок нагадвае, як працуе любая дыктатура. Яна заўсёды пачынаецца з таго, што ліквідуе палітычных апанентаў. Затым зачышчае свае кадры. Затым душыць любыя пратэсты. Потым глушыць любое іншае меркаванне.

А потым, калі непазбежна ўзнікаюць сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і іншыя праблемы, спісаць адказнасць за іх унутры краіны аказваецца няма на каго. Застаецца адзіны выхад — шукаць знешніх ворагаў.

"Паколькі паляпшэнні ў сацыяльна-палітычным плане з цягам часу не адбудзецца — кіраўніцкія кадры і падыходы ўсё тыя ж узровень варожасці да "ворага" трэба павышаць. Як вынік — рэальная вайна", — адзначае Ягор Лебядок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі