Калекцыянер пра беларускія капейкі: Не хапіла партрэта Лукашэнкі

05/11/2015 - 11:40

Увод у абарачэнне новых беларускіх грошай слаба абмяркоўваецца на форумах нумізматаў — прафесіяналаў і аматараў, якія ці вывучаюць гісторыю грашовага абарачэння, ці проста збіраюць і выменьваюць банкноты ды манеты. Гэтых людзей больш цікавіць старое, чым новае.

“Нейкага эксклюзіўнага мастацкага рашэння на іх у прынцыпе не павінна быць, — пагаджаецца выказаць меркаванне наконт выгляду новых капеек сябар Беларускага нумізматычнага таварыства Віктар Малежык. — Сабекошт павінен адпавядаць прызначэнню. Манетнае поле не перагружанае, не недагружанае. Нармальная стандартная манета для абарачэння. А як манета будзе ляжаць у руцэ — паглядзім”.

Пры гэтым эксперт тлумачыць, што мастацкае рашэнне важнае менавіта для калекцыйных манет.

Як выглядаюць новыя беларускія грошы

Звяртаемся да вядомага ганцавіцкага збіральніка металічных грошай Аляксандра Букаты. Мужчына вядомы сваімі “грашовымі дрэвамі”, самае вялікае з якіх важыць каля паўтоны і прадаецца за 50 тысяч еўра.

Фота: "Ганцавіцкі час"

“Што тычыцца новых капеек, яны падобныя на еўрацэнты, толькі не ведаю, якія будуць памеры”, — выказваецца Буката.

Яго “грашовыя дрэвы” канструююцца пераважна са звычайных і калекцыйных манет часоў СССР. Таму, разважаючы пра новыя беларускія капейкі, Буката параўноўвае іх з савецкімі.

“Лукашэнкі няма партрэта. У будучым на нашых капейках можна чаканіць яго і новых прэзідэнтаў. На тых жа савецкіх манетах часта сустракаецца Ленін. На іншых юбілейных манетах — Гагарын, кампазітар Мусаргскі, пісьменнік Горкі і гэтак далей”, — разважае Буката.

Новыя беларускія 5 рублёў падобныя да купюры ў 10 еўра?

Што тычыцца новых банкнот, ганцавіцкі калекцыянер не бачыць у іх канцэпцыі нічога новага — тыя ж помнікі архітэктуры і вядомыя будынкі.

“Традыцыйна, беларускія банкноты зробленыя з дрэннай, недаўгавечнай паперы. У руках я новыя банкноты не трымаў, але выкажу здагадку, што пяць гадоў яны не перажывуць. Знешне нашы новыя беларускія рублі нагадалі мне філіпінскія песа, якія, праўда, больш даўгавечныя, бо зробленыя з пластыку”, — кажа нумізмат з Брэста Аляксандр С.

Нагадаем, што днямі стала вядома пра дэнамінацыю ў Беларусі. З 1 ліпеня 2016 года 10 000 стануць адным рублём. Найбуйнейшай банкнотай будзе 500-рублёўка. На сённяшнія грошы гэта 5 000 000. Таксама ў абарачэнне увядуць металічныя грошы. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі