На беларуска-літоўскай мяжы / LRT
Расія і Беларусь актыўна спрабуюць вербаваць грамадзян Літвы ды іншых краін, якія ездзяць у гэтыя дзяржавы. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе літоўскімі разведслужбаў — другога Дэпартамента аператыўных службаў пры Міністэрстве абароны Літвы і Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы, перадае LRT.
Напрыклад, у жніўні 2024-га ў Беларусі затрымалі грамадзяніна Літвы, які адміністраваў у сацсетках каналы, дзе крытыкуюць рэжым Лукашэнкі. Гэтыя каналы былі ўключаныя ў Беларусі ў "спісы экстрэмістаў".
Мужчыну шмат гадзін дапытвалі з выкарыстаннем паліграфа, пагражалі затрымаць яго жонку, абвінаваціўшы яе ў супрацы з літоўскай выведкай, а дзяцей адправіць у дзіцячы дом. Паведамляецца, што кадэбісты прымусілі літоўца ўдзельнічаць у прапагандысцкіх інтэрв'ю, здымацца ў дыскрэдытуючых відэароліках, тэлефанаваць у літоўскія ўстановы і правакаваць супрацоўнікаў выказвацца пра літоўска-беларускія адносіны.
Літоўскія разведслужбы не паведамляюць, што адбылося з гэтымі запісамі пазней і ці былі яны дзесьці апублікаваныя. Аднак сцвярджаецца, што іх планавалася выкарыстоўваць для прапаганды супраць Літвы.
Таксама ў дакладзе адзначаецца, што афіцыйны Мінск актыўна цікавіцца беларускай апазіцыяй, якая пражывае ў Літве і іншых краінах. Для збору інфармацыі вярбуюць саміх беларусаў праз месенджары. За збор інфармацыі ім прапаноўваюць грошы, новы пашпарт або магчымасць свабодна наведваць Беларусь.
Акрамя таго літоўскія разведслужбы звярнулі ўвагу, што павялічваецца супраца рэжыму Лукашэнкі з Кітаем. Што датычыць аслаблення санкцый супраць Беларусі, то яно паўплывае на эканамічную ўстойлівасць краіны, але не кампенсуе яе залежнасць ад Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут