Ізраільцяніна не пусцілі ў Расію праз забарону на ўезд у Беларусь

04/09/2018 - 13:28

Грамадзяніна Ізраіля Уры Гяршовіча не ўпусцілі ў Расію праз забарону на ўезд у Беларусь. Пра гэта ізраільцянін даведаўся ў аэрапорце “Шарамецьева”, калі прыляцеў у Маскву з Таліна.

"Дазвол аб недазволе [арыгінальная фармулёўка захаваная. — Еўрарадыё] ўезду ў Рэспубліку Беларусь прыняты кампетэнтным органам Рэспублікі Беларусь (МУС Рэспублікі Беларусь)”, — цытуе Гяршовіч атрыманае паведамленне. Забарона на ўезд дзейнічае да 29 чэрвеня 2021 года.

Уры Гяршовіч выкладае ў Інстытуце краін Азіі і Афрыкі МДУ і на кафедры біблеістыкі філасофскага факультэта СПбДУ. Як яму цяпер весці пары ў студэнтаў?

Сапраўды, напрыканцы 2015 года Беларусь і Расія дамовіліся, што грамадзяне, унесеныя ў базу неўязных адной краіны, не змогуць уехаць і ў іншую. Але як Гяршовіч трапіў у спіс неўязных?

Спярша ізраільцянін думаў, што беларускія памежнікі пакаралі яго за парушэнне ўмоў беларускага “бязвіза”. Справа ў тым, што прыкладна год таму Гяршовіч прыляцеў у Мінск з Масквы і… проста, без усякіх пашпартных кантроляў выйшаў з будынка аэрапорта. Інтуіцыя падказвала, што нешта не так, але праз некалькі дзён грамадзянін Ізраіля без праблем выляцеў з Мінска ў Адэсу. І забыўся пра той выпадак.

“Баюся, гэтая доля [статус неўязнога ў Беларусь, а заадно і ў Расію. — Еўрарадыё] чакае ўсіх нерасійскіх грамадзянаў, якія калі-небудзь, прыляцеўшы ў Мінск з Масквы, не праходзілі памежны кантроль, якога там і няма па прычыне адкрытых межаў з Расіяй. Беларуская пастка…”

Гаворка ідзе пра тое, што хвалёны 30-дзённы беларускі бязвізавы рэжым не дзейнічае для грамадзянаў трэціх краін, якія прылятаюць у Беларусь з Расіі. Але ў Памежным камітэце Беларусі Еўрарадыё ўпэўнілі, што гэтае абмежаванне не датычыцца грамадзянаў Ізраіля.

Паміж Ізраілем і Беларуссю існуе асобнае пагадненне аб бязвізавым рэжыме, гэтак жа, як і паміж Расіяй і Ізраілем. Менавіта гэтыя дамовы, а не “бязвіз”, які з’явіўся крыху пазней, дазваляюць грамадзянам Ізраіля спакойна пераязджаць з Расіі ў Беларусь:

“Паколькі паміж Ізраілем і Беларуссю [ёсць] асобнае пагадненне аб бязвізавым рэжыме, іх грамадзяне могуць прылятаць з Расіі ў Беларусь. На іх не дзейнічае абмежаванне з указу аб 30-дзённым “бязвізе””.

Што тычыцца канкрэтных прычын аб забароне на ўезд грамадзяніна Ізраіля Уры Гяршовіча, дык гэтая інфармацыя закрытая для грамадскасці:

“Акрамя Памежнага камітэта, забараніць уезд у Беларусь можа МУС і органы дзяржаўнай бяспекі. Інфармацыю пра тое, якое менавіта правапарушэнне здзейсніў грамадзянін Ізраіля, мы назваць не можам, гэта было б разгалошваннем закрытай інфармацыі, даступнай толькі асобе, якая падвергнулася абмежаванням, і дзяржаўным органам. Прычыны забароны на ўезд у Беларусь пазначаныя ў артыкуле 30 Закона “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”.

А там шаснаццаць прычын, ад нясплачанага ў час штрафа да пагрозы нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Што менавіта парушыў Уры Гяршовіч, пакуль невядома — каб даведацца пра гэта, яму давядзецца звяртацца ў беларускі МУС.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі