“Іслач” і “Нафтан” маюць цяпер па нулю ачкоў у чэмпіянаце Беларусі

02/07/2017 - 08:41

Матчы 15 тура чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі ў суботу, 1 ліпеня. У гэты дзень сустрэліся двое сёлетніх аўтсайдэраў — “Іслач” і “Нафтан”, якія пачыналі чэмпіянат з адмоўнай колькасць ачкоў. Такія санкцыі на іх наклала ў пачатку сезона АБФФ. Па выніках гульні, якая скончылася сухой нічыёй (0:0), каманды набралі па адным ачку і такім чынам нарэшце выйшлі з мінусавых лічбаў у турнірнай табліцы. У абодвух клубаў па нуль ачкоў, але яны адстаюць ад бліжэйшага канкурэнта “Мінска” на 12 балаў, таму застаюцца асноўнымі кандыдатамі на вылет у першую лігу.

БАТЭ таксама ў гэты дзень згуляў з “Гарадзеяй” і перамог з лікам 2:0. Цяпер барысаўчане перасунуліся на другі радок турнірнай табліцы — пасля 15 тураў яны маюць 33 ачкі і адстаюць ад салігорскага “Шахцёра” на 2 балы.

Брэсцкае “Дынама” разграміла “Гомель” — 3:0, а “Слуцк” мінімальна перамог “Дняпро” — 1:0.

Раней, 30 чэрвеня ў рамках гэтага тура ўнічыю згулялі “Крумкачы” і “Мінск” — 0:0.

Сёння, 2 ліпеня пройдуць матчы “Дынама” (Мінск) — “Віцебск” і “Славія” — “Тарпеда-БелАЗ”. Завяршыцца 15 тур гульнёй “Шахцёр” — “Нёман”, якая пройдзе ў панядзелак, 3 ліпеня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі