Іосуб: Беларусь выйграла ў "газавай вайне" з Расіяй

11/10/2016 - 11:19

10 кастрычніка беларускія ўлады заявілі пра заканчэнне чарговай нафтагазавай спрэчкі з Расіяй. Але кожны бок выдаў вынік перамоваў за сваю перамогу. Беларусь абвясціла, што кошт на расійскі газ будзе істотна зніжаны, і адмяніла анансаванае падвышэнне пошлін на транзіт расійскай нафты. А Расія падкрэсліла, што кантрактны кошт на газ, змяншэння якога з $132 да "справядлівых" $80 за тысячу кубаметраў дамагалася Беларусь, да канца года не зменіцца.

Увечары, пасля тэлефонных перамоваў паміж беларускім прэм'ерам Андрэем Кабяковым і яго расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым, было абвешчана, што Расія з уласнага бюджэта кампенсуе "Газпраму" розніцу паміж кантрактным коштам на газ і тым коштам, на якім настойвае Беларусь. Дэталі дамовы засталіся па-за афіцыйнымі паведамленнямі. Газета "Коммерсант", абапіраючыся на свае крыніцы, піша, што сёлета сума кампенсацыі складзе 25 млрд расійскіх рублёў, а ў наступным годзе — яшчэ 56 млрд рублёў.

"Калі кампенсацыя сапраўды складзе 25 млрд расійскіх рублёў, дык Беларусь выйграе з гледзішча "газавай вайны", — мяркуе старэйшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб. — Калі інфармацыя "Коммерсанта" пацвердзіцца, гэта будзе раўназначна той зніжцы, на якую разлічвала Беларусь, плацячы па 70 з невяликім долараў за тысячу кубаметраў замест $130".

Калі беларускі ўрад з пачатку года набывае газ ледзь не ўдвая танней, чым гэта прапісана ў кантракце — чаму ён не таннее для канчатковых спажыўцоў, то бок, для нас з вамі? Вадзім Іосуб лічыць, што прапарцыянальнага паніжэння коштаў на ўнутраным рынку беларусы не дачакаюцца:

"Памятаючы папярэдні досвед — калі такое паніжэнне і адбудзецца, дык у меншай ступені, чым зменшыцца ўваходны кошт".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі