На тусовачную вуліцу Зыбіцкую ў Мінску ўпершыню з пачатку 2017 года прыйшла праверка. Ды не проста нейкі там маніторынг з Мінгандлю ці МНС, а міграцыйная служба ў суправаджэнні АМАП. Шукалі сярод супрацоўнікаў рэстаранаў "украінцаў, казахаў і людзей усходняй знешнасці", глядзелі на іх дакументы і, па звестках рэстаратара Івана Мураўёва, звезлі як мінімум траіх у класічным "сінім бусе".
Чаму гэта важна? Вуліца Зыбіцкая стала для Мінска глытком неабмежаванай свабоды. Чуем "Зыбіцкая" — уяўляем party да раніцы. Аматары тусовак з'язджаюцца туды з усяго горада: хто проста выпіць віна ў прыемнай кампаніі, хто — да світання вандраваць з бара ў бар. Уявіць такое ў Беларусі пяць гадоў таму было ўвогуле немагчыма. А яшчэ гэта немагчыма кантраляваць на 100%, што, па словах аднаго з рэстаратараў, вельмі не падабаецца міліцыі.
Увогуле, рэстаратары пагаджаюцца каментаваць сітуацыю толькі ананімна. Мы датэлефанаваліся ў некалькі ўстановаў, якія трапілі пад праверку. У адной з іх Еўрарадыё распавядаюць, як правяральшчыкі паводзілі сябе:
"Першым ішоў міліцыянт у форме. Сапраўдны амапавец, які можа адарваць галаву. За ім два такія хлопчыкі: дробныя, жылістыя, энергічныя, у скураных пінжаках. Яны адразу накіраваліся на кухню, дзверы штурханулі з нагі. Адміністратару, які прапанаваў дапамогу, адказалі "Мы самі ўсё тут знойдзем". Калі іх усё ж неяк спынілі, падышоў яшчэ адзін мужчына, больш спакойны, і патлумачыў, што сярод персаналу рэстаранаў шукаюць нелегалаў: украінцаў, казахаў і людзей усходняй знешнасці".
У бары "Клумба" правяраючыя пачулі пах кальянаў і адразу ж запатрабавалі паказаць супрацоўніка, які імі займаецца. "Прыйшоў іх кальяншчык — нардычны бландын. З такой знешнасцю шведам можна быць. Ды кім заўгодна, але дакладна не ўсходнім чалавекам. Але ж усё роўна запатрабавалі ад яго паказаць пашпарт. А ў Martlet увогуле ўсіх пастроілі ў шэраг і загадалі паказаць пашпарты".
Гэта вельмі кантрастуе са звычайнымі паводзінамі міліцыянтаў, якія працуюць на Зыбіцкай. Летась АМАП затрымаў там некалькі чалавек, якія выпівалі не ў барах, а проста на тратуарах, побач з летнімі тэрасамі. Адбыўся скандал, і сёлета ахоўнікі правапарадку паводзяць сябе падкрэслена карэктна.
Па выніках праверкі не складзена ніводнага пратаколу, ніхто не атрымаў прадпісанняў. "Санкцыі, калі будуць уводзіцца, будуць уводзіцца гадзінамі працы", — распавядае Еўрарадыё яшчэ адзін рэстаратар з Зыбіцкай.
Сапраўды, за некалькі дзён да міграцыйнай праверкі рэстараны, што знаходзяцца ў бліжэйшым да Свіслачы куце "тусовачнага" дома па Зыбіцкай, 6, атрымалі лісты з паведамленнем, што іх час працы збіраюцца скараціць да 23:00. "Для іх гэта смерць. Ёсць, напрыклад, блінная. Ёсць вінны рэстаран. Адтуль госці самі сабой разыходзяцца да поўначы. Бо людзі, якім віно цікавае як прадукт, не будуць сядзець усю ноч. Але ў суседніх рэстаранах апоўначы толькі пачынаецца пекла. Усе апошнія ўзгадненні [часу працы. — Еўрарадыё] былі толькі да гадзіны ночы. А ў гэты час пацімэйкеры толькі падцягваюцца. Таму шмат хто парушае".
Некаторыя рэстараны кіруюцца інструкцыямі Мінгандлю. Калі прыходзіць час закрыцця, яны зачыняюць дзверы, але нікога не выганяюць і працуюць "да апошняга кліента". Але некаторыя парушаюць адкрыта. І для іх у правяральшчыкаў быў падрыхтаваны сюрпрыз:
"У 1:35-1:40 з'явіліся нейкія людзі з фотаапаратамі. Яны проста гулялі, калупаліся ў носе, дыхалі паветрам і здымалі, што адбываецца ва ўстановах, і час працы на дзвярах. А пасля ў тых, хто парушаў, пачаліся праблемы. Вычапілі як мінімум два такія рэстараны. І гэта, сапраўды, самы негатыўны момант праверкі".
Калі рэстаран хоча працаваць да 23:00, яго час працы ўзгадняецца ў раённай міліцыі. Але, калі хочацца працаваць пазней, трэба звяртацца ў гарадское ўпраўленне. "І там усё нашмат складаней, — працягвае рэстаратар. — Не любяць яны нас. Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку. Там нешта адбываецца незразумелае, і яны на гэта дрэнна рэагуюць. Бо нашая дзяржава хоча ўсё кантраляваць, а кантраляваць Зыбіцкую немагчыма".
Некаторыя ўстановы скарэктавалі свой час працы, не чакаючы праверак. Напрыклад, "Курылка" раней працавала да 6-й раніцы — гэта было выгравіравана на шыльдзе бара. А цяпер там сціплая налепка "Штодня з 12:00 — 2:00".
Адразу ж пасля праверкі папаўзлі чуткі, што атака на Зыбіцкую звязаная з пазіцыяй Беларускай праваслаўнай царквы. Зусім побач з "тусовачным кластарам" месціцца велічны Свята-Духаў кафедральны сабор, а Мінская духоўная акадэмія дык і ўвогуле мае адрас: вуліца Зыбіцкая, 27.
"Ніякай афіцыйнай пазіцыі ў Царквы з гэтай нагоды няма. Але ж магу сказаць, што некаторыя працэсы, якія адбываюцца за сценамі нашых духоўных школ, непакояць нас. Безумоўна, там ёсць спакуса для маладых людзей. Здаралася, што пастаяльцы інтэрната, дзе жывуць навучэнцы семінарыі і часам размяшчаюцца нашы госці, скардзіліся на шум. Але ж суседзяў не выбіраюць, — каментуе Еўрарадыё протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ. — Хочацца верыць, што нязручнасці, якія мы адчуваем, не бессэнсоўныя. Можа, людзі, якія наведваюць усе гэтыя ўстановы, ад асэнсавання блізкасці да цэнтра духоўнай адукацыі прасякнуцца нейкімі высокімі думкамі. І калі яны ў гэты дзень выпаляць на адну цыгарэту менш і вып'юць на адзін келіх менш, і падумаюць пра Бога, нашы нязручнасці акупяцца спаўна".
Амінь!