Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ці можа чалавек, якому выставілі крымінальнае абвінавачанне, балатавацца ў прэзідэнты? Больш за два гады таму адказ на гэтае пытанне хваляваў беларусаў. А цяпер гэта тлумачыць сваім чытачам CNN.
На гэтым тыдні Дональд Трамп зрабіўся першым прэзідэнтам ЗША, якому выставілі крымінальнае абвінавачанне. І так, Трамп усё яшчэ можа балатавацца — прычым нават калі суд палічыць яго вінаватым.
Што яшчэ здарылася ў свеце — чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
Бязладны вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана быў першым вялікім правалам адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна. Тады высветлілася, што новаму амерыканскаму прэзідэнту недастаткова проста "не быць Трампам", каб быць добрым.
І вось праз паўтара года адміністрацыя Байдэна публікуе даклад, у якім заяўляе: насамрэч у хаатычным вывадзе войскаў з Афганістана вінаваты Дональд Трамп. Даклад цытуе ВВС.
Тады, у 2020-м, ВВС пісала, што здзелка з талібамі рызыкоўная. Яна фактычна легітымізуе іх у вачах сусветнай супольнасці. З іншага боку, яна давала афганцам шанец на мірнае жыццё пасля 45 гадоў вайны — прынамсі, тады многім так здавалася.
Але яшчэ многім здавалася, што сыход амерыканскіх войскаў з Афганістана не азначае, што краіна будзе вокамгненна захоплена талібамі. Прынамсі, так не здавалася і самому Байдэну яшчэ за пару месяцаў да таго, як талібы прыйшлі ў Кабул. Але выйшла як выйшла: амерыканцы пакінулі зброю, людзей, якія з імі супрацоўнічалі, — і паляцелі. Талібы прыйшлі да ўлады. У медыях усё гэта называлі правалам новай адміністрацыі Белага дома.
Спатрэбілася паўтара года, каб заявіць, што, аказваецца, і ў гэтым быў вінаваты Трамп. Не трэба і казаць, што рэспубліканцам гэтая заява і абяленне адміністрацыі Байдэна не спадабалася.
Але, вядома, жудасныя кадры з аэрапорта Кабула, на якіх адлюстраваныя адчайныя спробы людзей трапіць на борт самалёта, памятаеце не толькі вы — у Белым доме іх таксама памятаюць.
"Цяпер мы аддаём прыярытэт больш ранняй эвакуацыі, калі сутыкаемся з пагаршэннем сітуацыі з бяспекай", — гаворыцца ў справаздачы.
Афіцыйны прадстаўнік Байдэна па нацбяспецы Джон Кірбі сказаў, што Белы дом улічыў досвед Афганістана, калі выпрацоўваў палітыку па падтрымцы Украіны напярэдадні расійскага ўварвання.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон завітаў з візітам у Кітай. І папрасіў Сі Цзіньпіна прывесці Расію ў прытомнасць.
"Ведаю, што магу на вас разлічваць у тым, каб прывесці Расію ў прытомнасць і вярнуць усіх за стол перамоў", — цытуе Макрона ВВС.
Французскі лідар мяркуе, што вайна ва Украіне пагражае не толькі Украіне: ёсць небяспека, што буйныя дзяржавы падзеляцца на варожыя блокі.
Макрон працягвае працаваць над сваім іміджам міратворцы: ён ужо пагаварыў з усімі асноўнымі дзейнымі асобамі канфлікту. Пра праблему з захаваннем правоў чалавека ў Кітаі — а гэта даўні прадмет рознагалоссяў паміж Захадам і Пекінам — Макрон амаль не казаў.
Толькі заўважыў, што гэтая тэма для Францыі застаецца важнай, але тут жа падзяліўся напрацаванай за час візіту ўсходняй мудрасцю — "лепш праяўляць павагу, чым чытаць лекцыі".
Ужо не ведаем, ці хочацца Макрону хутчэй трапіць дадому, бо дома ў яго ўсё яшчэ неспакойна. У Францыі працягваюцца пратэсты супраць пенсійнай рэформы. Па краіне пракацілася новая хваля забастовак і мітынгаў. Сярод пацярпелых — адзін з любімых рэстаранаў французскага прэзідэнта, піша ВВС.
Пратэстоўцы падпалілі бістро La Rotonde — там Макрон і яго прыхільнікі святкавалі сваю перамогу на выбарах у 2017 годзе.
Французскае МУС кажа, што ў чацвер у страйку ўзялі ўдзел 570 тысяч чалавек. А прафсаюзы запэўніваюць, што яшчэ больш — каля 2 мільёнаў.
Канстытуцыйны савет яшчэ можа спыніць рэформу — сваё рашэнне ён вынесе 14 красавіка.
Вы калі-небудзь думалі, што так стаміліся ад усіх гэтых навін, што хочацца на час з'ехаць куды-небудзь далёка-далёка? У NASA таксама думалі. Палёт да Месяца запланаваны на 2024 год, і надоечы агенцтва паведаміла, хто туды паляціць.
Далёка-далёка ад усіх зямных навін апынуцца чацвёра: Віктар Гловер, Крысціна Хамак Кох, Джэрэмі Хансен і камандзір экіпажа Рэйд Уайзман. Так-так, упершыню ў гісторыі да Месяца адправіцца жанчына.
Не будзем жартаваць пра тое, што ў Мінску да гэтага часу якраз плануюць запусціць у космас першую беларуску.
"Гэтыя даследчыкі — найлепшыя прадстаўнікі чалавецтва, якія адважыліся адкрыць новыя далягляды ў космасе ад імя чалавецтва", — піша NASA.
Місію назвалі "Артэміда-2", яна зойме 10 дзён. Высаджвацца на паверхню Месяца пакуль не будуць — гэта план на 2025 год.
Каб быць у курсе навін з усяго свету — аж да калязямной арбіты, — слухайце рэгулярныя агляды Еўрарадыё на любой зручнай платформе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут