Іх норавы: Ілан Маск выпусціць танную Tesla, Джонсан збіраецца на выбары

21/10/2022 - 16:57
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Кожны тыдзень мы збіраем навіны, якія трапілі на старонкі сусветных СМІ, але прайшлі незаўважанымі ў Беларусі. Што б ні казаў Лукашэнка і ні вяшчала беларуская прапаганда — у свеце адбываецца шмат цікавага.
 

Ілан Маск збіраецца выпусціць танную Tesla

Амерыканскі прадпрымальнік трапляе на старонкі навінавых агенцтваў часцей, чым прэзідэнт якой-небудзь "сярэдняй" дзяржавы. Праз гэта прайшла практычна незаўважанай навіна пра выпуск таннай версіі электрамабіля Tesla. Заходнія журналісты звярнулі ўвагу на выступ кіраўніка Tesla Ілана Маска ў часе фінансавай справаздачы. У ёй ён расказаў, што аўтавытворца працуе над стварэннем новай платформы, якая станецца ўдвая таннейшай за платформы Model Y і Model 3.

Аўтары выдання адзначаюць, што цяпер кошт Model 3 пачынаецца з 47 тысяч долараў. У гэтым выпадку будучы бюджэтны электрамабіль брэнда будзе каштаваць каля $25 тысяч.
 

Борыс Джонсан збіраецца на выбары прэм'ера пасля сыходу Ліз Трас

The Telegraph піша, што палітык нават вырашыў экстранна перарваць свой адпачынак на Карыбах, каб змагацца за пасаду прэм'ера Брытаніі. Па словах выдання, ён ужо адправіў прапанову аб супрацоўніцтве іншаму патэнцыйнаму кандыдату Рышы Сунаку. Джонсан лічыць, што ягоны ўдзел у выбарах гэта пытанне нацыянальных інтарэсаў.

Учора прэм'ер Брытаніі Ліз Трас абвясціла аб сыходзе ў адстаўку пасля 45 дзён знаходжання на пасадзе.
 

Прысяжныя апраўдалі Кевіна Спэйсі па справе аб сексуальных дамаганнях

Актора Кевіна Спэйсі апраўдалі па справе аб сексуальных дамаганнях, у якіх у 2017 годзе яго абвінаваціў актор Энтані Рэп. Сёння прысяжныя вынеслі вердыкт, што няма ніякіх доказаў, што Спэйсі прыставаў да Рэпа ў 1986 годзе на вечарыне ў сваім доме (Рэпу тады было 14 гадоў, а Спэйсі — 26).

Суддзя адхіліў пазоў Рэпа аб наўмысным прычыненні маральнай шкоды, але дазволіў працягнуць разгляд астатняй часткі пазову — Рэп таксама абвінавачваў Спэйсі ў збіцці.

Раней Рэп заявіў, што на вечарыне Спэйсі зайшоў у спальню, дзе знаходзіўся Рэп, узяў яго на рукі, перанёс на ложак, забраўся зверху і націснуў сваім пахам на сцягно Рэпа, пакуль той не вывернуўся. Спэйсі ў адказ заявіў, што ніколі не заставаўся сам-насам з Рэпам.

Рэпп — адзін з 20 мужчын, якія адкрыта абвінавацілі Кевіна Спэйсі ў сексуальных дамаганнях. У 2023 годзе суд у Лондане пачне разглядаць справу аб пяці сексуальных злачынствах, у здзяйсненні якіх у перыяд з 2005 да 2013 года абвінавачваюць Спэйсі.
 

NASA паказала таймлапс усяго зорнага неба за 12 гадоў

Відэа было знята тэлескопам WISE, ён быў запушчаны на калязямную арбіту 14 снежня 2009 года. Кожныя паўгода ён склейвае здымкі зорнага неба і адпраўляе на Зямлю. Навукоўцы апублікавалі некалькі такіх склеек, а на гэтым тыдні выклалі ў сеціва фільм, змантаваны з усіх склеек, які дае ўяўленне пра змены, якія адбываюцца ў Сусвеце.

"Калі паглядзець на начное неба, то можа здацца, што там нічога не змяняецца. Але на самай справе зоркі нараджаюцца і паміраюць, чорныя дзіркі паглынаюць зоркі і адбываецца яшчэ шмат змен. З дапамогай такіх аглядаў мы можам зразумець, як змяняецца наш Сусвет, і раскрыць яго таямніцы", — дадае Эмі Майнцэр з Універсітэта штата Арызона ў Тусоне.
 

Распрацоўшчыкі заявілі, што збіраюцца выпусціць новае пакаленне гульні The Sims

Кампанія — распрацоўшчык камп'ютарных гульняў Maxis абвясціла аб распрацоўцы The Sims наступнага пакалення. Аўтары падкрэслілі, што гульня знаходзіцца на вельмі ранняй стадыі распрацоўкі. Калі яна выйдзе, пакуль невядома. У EA адзначылі, што да гэтага пройдзе "яшчэ некалькі гадоў".

Адной з важных асаблівасцяў наступнай часткі The Sims будзе тое, што гульцы змогуць вельмі лёгка ствараць уласны кантэнт і дзяліцца ім з іншымі. У EA яе называюць не толькі гульнёй, але і "творчай платформай".

"Мы ствараем The Sims наступнага пакалення і адначасова платформу для творчасці. Гэта пераасэнсаванне гульні, якую вы ведаеце і любіце. Гэта будучыня франшызы, пабудаваная на аснове чароўных персанажаў, магутных інструментаў і змястоўных гісторый", — расказала Ліндсэй Пірсан, віцэ-прэзідэнтка па франчайзінгу The Sims.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі