А папугаяў навучылі званіць па відэасувязі! / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
На гэтым тыдні мы падрыхтавалі для вас агляд сусветных навін, у якім вас [амаль] нічога не напалохае. Дзе шукаць страшныя навіны, вы ведаеце самі.
Амерыканскія прысяжныя неспадзявана трапілі на канцэрт музыкі Эда Шырана. Яны ж нічога такога не планавалі, проста ішлі на працу. І на працы — гэта значыць, у зале суда, — ім трэба было вырашыць, ці можна назваць плагіятам песню Шырана "Thinking Out Loud".
Пазоўнікі мяркуюць, што брытанец скапіяваў элементы хіта амерыканскага музыкі, чатырохразовага ўладальніка "Грэмі" Марвіна Гэя "Let's Get it On". У суд на Шырана падалі спадчыннікі суаўтара Гэя, піша ВВС.
І прысяжныя ўзяліся за справу. Спярша яны гадзіну слухалі выступ Шырана, у якім ён казаў пра сваю музычную кар'еру. Музыка расказаў, што на гэтую песню яго натхніла каханне яго бабулі і дзядулі адно да аднаго — і яго ўласная новая закаханасць.
А потым Шыран найграў прысяжным урыўкі з "Thinking Out Loud".
Адвакаты ж пазоўнікаў уключылі прысяжным відэазапіс канцэрта Шырана ў Цюрыху. На відэа ён пераключаецца паміж выкананнем "Thinking Out Loud" і песняй Гэя. Адвакаты лічаць, што гэты доказ раўнасільны "пісталету, які дыміцца". New York Post цытуе адвакатаў пазоўнікаў і піша, што такі мікс падчас канцэрту — фактычна чыстасардэчнае прызнанне.
Калі судовы працэс толькі пачынаўся, суддзя папярэдзіў прысяжных: нягледзячы на тое, што ў зале суда будзе граць музыка, ім не дазваляецца танцаваць. Калі ваша праца не падобная на гэтую... карацей, вы зразумелі.
Хто яшчэ спяваў у ЗША на гэтым тыдні? Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль. Ён наспяваў куплет з фолк-рокавай песні "Амерыканскі пірог" на дзяржаўнай вячэры ў Вашынгтоне.
Ён наогул прыехаў у Вашынгтон, каб заключыць гістарычную ўгоду з ЗША па супрацьдзеянні ядзернай пагрозе з боку Паўночнай Карэі. А тут прэзідэнт Джо Байдэн і кажа:
— Я ведаю, што адна з вашых любімых песень — "Амерыканскі пірог". Што ж, мы б хацелі пачуць, як вы яе спяваеце.
І спадар Юн узяў у рукі мікрафон! Паўночнакарэйская прапаганда магла б сказаць, што паўднёвакарэйскі прэзідэнт танчыць, а дакладней, спявае пад амерыканскую дудку. Але вы лепш паслухайце, як ён спявае!
Еўраньюс піша, што ў сябе на радзіме прэзідэнт вядомы як аматар караоке. А ён вернецца з гітарай, на якой аўтар яго любімай легендарнай песні паставіў аўтограф. Калі ваша сустрэча без гальштукаў не падобная на гэтую — ну, вы зноў зразумелі.
Французскі Камітэт шампанскага прымусіў знішчыць партыю амерыканскага піва. Таму што вытворца напісаў на ім "шампанскае з піва". І Шампань гэтага не даравала, расказвае CNN.
Асацыяцыя вытворцаў шампанскага лічыць, што тэрмін "шампанскае" трэба выкарыстоўваць толькі для абазначэння бутэлек пеністага, вырабленых традыцыйным метадам у французскім рэгіёне Шампань. Гэта значыць, толькі з гатункаў вінаграду шарданэ, піно нуар і піно менье.
Камітэт шампанскага запатрабаваў знішчыць гэтае "псеўда-шампанскае". Вынік: бельгійская мытня расціснула 2352 бляшанкі піва. Мінскі завод пеністых вінаў просіць не расказваць у Шампані пра шампанскае "Князь Вітаўт".
Хатнія папугаі адчуваюць сябе лепш, калі ім дазваляюць званіць іншым птушкам па відэасувязі, піша Guardian. Навукоўцы выдалі планшэт некалькім папугаям, навучылі іх званіць суродзічам — і папугаі засталіся ўдзячныя.
Яны пачалі паводзіць сябе больш сацыяльна, прыхарошвацца, спяваць і гуляць.
"Мяне вельмі здзівіў дыяпазон розных варыянтаў паводзін. Некаторыя папугаі спявалі, некаторыя гулялі, іншыя паказвалі птушкам па відэасувязі свае цацкі", — расказвае адна з аўтарак даследавання, доктар Джэніфер Кунья.
У дзікай прыродзе многія віды папугаяў жывуць вялікімі чародамі, але ў якасці хатніх жывёл іх часцей трымаюць паасобку або невялікімі групамі.
Калі ваш папугай ходзіць туды-сюды па клетцы, разгойдваецца на жэрдцы або вышчыпвае сабе пёры — у яго пачаліся псіхалагічныя праблемы. Гэта значыць, яму тэрмінова трэба пагаварыць ці хаця б пазваніць камусьці па відэасувязі.
Навукоўцы нават далі птушкам магчымасць выбіраць — каму менавіта пазваніць. І папугаі часцей званілі тым птушкам, якія часцей званілі ім.
Магчыма, бясконцы скролінг стужкі навін для чалавека — гэта як разгойдванне на жэрдцы для папугая. Так што дачытвайце хутчэй — і пазваніце каму-небудзь па відэасувязі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут