IIHF не дапусціла зборныя Беларусі да чэмпіянату свету 2027 года, ФХБ не згодна з рашэннем

07/11/2026 - 15:55

Хакеісты Беларусі / ФХБ

Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) прыняла рашэнне не дапускаць зборную Беларусі і маладзёжную зборную Беларусі U-20 да ўдзелу ў чэмпіянаце свету 2027 года.

Рашэнне Савета IIHF было абвешчана 7 лістапада. Яно прынята праз некалькі дзён пасля таго, як Дысцыплінарная калегія IIHF разгледзела апеляцыю Федэрацыі хакея Беларусі (ФХБ) на рашэнні Савета ад 27 ліпеня 2026 года. Як гаворыцца ў паведамленні IIHF, калегія часткова задаволіла апеляцыю, але пацвердзіла, што ў яе няма прававых падстаў патрабаваць неадкладнага вяртання беларускіх каманд.

Пры прыняцці новага рашэння Савет улічыў арганізацыйныя ўмовы правядзення чэмпіянатаў свету. Сярод іх названы фарматы спаборніцтваў, расклад, продаж білетаў і аперацыйнае планаванне.

У афіцыйным каментары ФХБ гаворыцца, што калегія анулявала ліпеньскія рашэнні Савета і прызнала, што спасылкі на меркаванні бяспекі не падмацаваны дастатковымі доказамі. Паводле дадзеных федэрацыі, гэта ўжо другі выпадак у 2026 годзе, калі Дысцыплінарная калегія адмяняе рашэнні Савета аб абмежаванні ўдзелу нацыянальных каманд.

У ФХБ заявілі, што не згодны з новым рашэннем. Па іх словах, да чэмпіянату свету ў Германіі, які пачнецца ў траўні 2027 года, застаецца дастаткова часу, каб прапрацаваць усе арганізацыйныя пытанні.

Федэрацыя ў бліжэйшы час вызначыць канкрэтныя прававыя крокі, у тым ліку магчымасць звароту ў Спартыўны арбітражны суд (CAS) па рашэннях органаў ІХІФ, паведамляецца ў каментары.

Нагадаем, 30 кастрычніка CAS вярнуў Расію да чэмпіянатаў свету, што выклікала хвалю адмоваў гуляць з яе камандай, а таксама адмовы спонсараў ад партнёрства з ІХІФ.

Германія, якая планавала прыняць чэмпіянат у 2027 годзе, заявіла, што не бачыць магчымасці арганізацыі турніру пры дапуску зборнай Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі