Ігару Лосіку ўпершыню за 336 дзён далі спатканне з жонкай

27/05/2021 - 16:40

Палітвязень Ігар Лосік упершыню за 336 дзён атрымаў спатканне з жонкай Дар'яй. Яно адбылося ў гомельскім СІЗА і доўжылася дзве гадзіны.

Блогер Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года.

"Ігар без маскі быў, мы размаўлялі праз тэлефонную трубку, паміж намі было шкло. Эмацыйны стан у Ігара нестабільны крыху. Ён вельмі ўсцешыўся, што нам далі спатканне. Не чакаў, што яго дазволяць. Вельмі шмат распытваў пра дачку. Плакаў, калі я расказвала пра яе. Пра тое, як яна расце, чаму навучылася ўжо за той час, як яго не было дома. Усе навіны пра дачку выклікалі ў Ігара слёзы", — расказала Дар'я ў інтэрв'ю Радыё "Свабода".

Па яе словах, Ігара этапавалі з Жодзіна ў Гомель у кайданках, выкруціўшы рукі запясцямі наверх. У такім стане ён правёў увесь этап, трымаючы ў руках свае сумкі з рэчамі. 

Палітвязень расказаў жонцы, што наглядчыкі правяраюць яго запісы, што з камеры забралі тэлевізар. Разам з тым умовы ў Гомелі ён назваў лепшымі, чым у Жодзіне: "Лепш кормяць, лепшая камера, лепшыя сукамернікі. Ігар не сказаў дакладна, па якіх артыкулах яны сядзяць. Але сказаў, што ўсе нармальныя".

Толькі ў Гомелі Дар'я даведалася ад мужа, што ў Жодзіне ў яго часта былі псіхічна неадэкватныя сукамернікі, а таксама хворыя на педыкулёз.

Яна расказала мужу ўсе навіны, які паспела, у тым ліку пра самалёт Ryanair. 

Ігара Лосіка будуць судзіць з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і шэрагам іншых палітвязняў. Дата суда пакуль што не прызначаная. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі