Ігар Кузняцоў прайграў камуністам суд за артыкулы пра Курапаты

20/04/2017 - 10:48

Суд Цэнтральнага раёна Мінска адхіліў іск гісторыка Ігара Кузняцова да газеты "Коммунист Беларуси" і яе аўтара Андрэя Лазуткіна.

"Небяспечны прэцэдэнт створаны, — каментуе Еўрарадыё Кузняцоў. — Суд вырашыў, што цяпер каго заўгодна можна назваць фальсіфікатарам, "так званым" і гэтак далей. Напрыклад, "так званы суддзя" — гэта не шкодзіць гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі спецыяліста".

Ігар Кузняцоў ужо шмат гадоў даказвае, што расстрэлы ў Курапатах — справа рук супрацоўнікаў НКУС, і шукае іншыя месцы сталінскіх рэпрэсій. Камуністы незадаволеныя пазіцыяй гісторыка: з пачатку 1990-х яны спрабуюць даказаць, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры нацыстаў, а тагачасныя чэкісты не маюць дачынення да расстрэлаў.

Лазуткін у сваіх артыкулах называе Кузняцова фальсіфікатарам гісторыі, гісторыкам у двухкоссях. Аўтар "Коммуниста Беларуси" сцвярджае, што гісторык рэпрэсіяў атрымлівае гранты на антыдзяржаўную дзейнасць. Кузняцоў разважыў, што падобныя выказванні прыніжаюць яго гонар і годнасць. Спачатку ён звярнуўся ў рэдакцыю газеты з просьбай абвяржэння. Рэакцыі не было, і тады ён падаў іск у суд.

 

Разбіральніцтва доўжылася месяц. Нарэшце, раніцай 20 красавіка суд абвясціў, што іск Кузняцова адхілены па ўсіх пунктах. Цяпер гісторык мусіць яшчэ і сплаціць дзяржаве судовую пошліну.

Ён кажа, што адзінымі доказамі, якія прадстаўнікі камуністычнай партыі прадставілі для абгрунтавання сваіх словаў, былі... раздрукоўкі артыкулаў з недзяржаўных СМІ:

"Было шмат раздруковак, якія, як яны сказалі, пацвярджаюць, што я вораг беларускага народа, апазіцыянер і фальсіфікатар. Еўрарадыё, радыё "Свабода", "Наша ніва"... Вось і ўся база доказаў. Я не перабольшваю", — дадае Ігар Кузняцоў.

Гісторык плануе абскарджваць рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска ў гарадскім судзе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі