Хто мы? Псіхолаг каментуе спрэчку беларусаў, якія з'ехалі пасля 2020 года

25/01/2022 - 14:56
Скульптура "дзяўчына-пасажырка"​ / livejournal.com

“Пытанне да тых, хто з'ехаў за мінулы год: вы ўжо называеце сябе дыяспарай ці толькі мяне абурае гэтае слова?” Вось такі допіс на мінулым тыдні выклікаў бурную рэакцыю ў карыстальнікаў фэйсбука.

Адказаў у каментарах прыйшло шмат: ад "я знаходжуся ў працяглай камандзіроўцы" да "трэба" больш срачаў паміж "уехамі" і "няўехамі".

На ўсялякі выпадак аўтар паведамлення растлумачыў, што хоча разабрацца, дыяспара ён ці не, калі сядзіць на валiзах ды толькі чакае магчымасці вярнуцца дадому. Адны напісалі, што не бачаць у гэтым праблемы, іншыя называюць сябе рэлакантамі ці экспатамі. Але большасць — наадрэз адмаўляецца быць дыяспарай.

Пра тое, чаму, здавалася б, знаёмае з дзяцінства слова выклікае сёння столькі эмоцый і хто ж мы насамрэч — беларусы, якія пакінулі родную краіну пасля выбараў 2020-га, размаўляем з псіхолагам Наталляй Скібскай, якой, дарэчы, таксама прыйшлося з'ехаць з Беларусі ў Польшчу.

Наталля: Людзі так рэагуюць, бо ім баліць. Асабіста я, напрыклад, лічу сябе ўцякачкай, таму што гэта праўда, эмігранткай і часткай дыяспары. Кожнае з гэтых слоў мае свае сэнсавыя адценні.

Пад экспатам мы маем на ўвазе чалавека, які жыве не там, дзе нарадзіўся. Экспаты могуць быць родам з розных краін і мець зносіны паміж сабой.

Рэлакант — гэта чалавек, які змяніў сваё месцазнаходжанне. Такіх людзей зараз шмат, напрыклад, сярод работнікаў IT-кампаній.

Лічыць сябе ўцекачом вельмі непрыемна, таму што тады даводзіцца прызнаваць факт таго, што ты ўцёк, няхай і вымушана.

Дыяспара — група людзей, якая жыве ў выглядзе нацыянальна-этнічнай меншасці. Гэта значыць, падкрэсліваецца, што гэта нейкая мясцовая супольнасць. Многія з тых, хто кажа, што не адносіцца да дыяспары, думаюць так, таму што не адчуваюць сябе прадстаўнікамі мясцовай супольнасці беларусаў. Магчыма, у іх не атрымалася далучыцца да сваіх, магчыма, проста не хочуць, а магчыма, не атрымліваецца, таму што гэта таксама працэс, і вельмі няпросты. У тым ліку прыняцця факта пераезду, які адбыўся.

У мяне атрымалася, таму я і адношу сябе да дыяспары. Але я і ўцякачка. Так, мне гэта непрыемна, але не баліць ужо так, як у многіх іншых. Не кожны можа проста ўстаць і сказаць: так, я ўцякаў. Думаю, што большасць з тых, хто пераехаў, якія не прызнаюць сябе ўцекачамі сёння, гэта мужчыны. Ім цяжка прыняць сітуацыю, маўляў, ну як гэта — так спалохаўся, што ўцёк? Раз адмовіўся ад барацьбы, перастаў біцца, не пайшоў у турму — значыць, не герой. Вось такі ход думак. Сорамна. І як з гэтым спраўляюцца? Агрэсуюць…

Вось скажу яшчэ адну непрыемную рэч, якую ўдзельнікі акцыяў эмацыйна абмяркоўваюць паміж сабой: у чатах беларусаў у Польшчы вельмі шмат людзей, а на акцыі прыходзяць дзесяць чалавек. Канешне, тым, хто проста вырашыў пераседзець сітуацыю, цяжка ўключацца ў актыўнасці беларусаў за мяжой. Само ўцягванне нагадвае пра прыналежнасць да беларусаў, а значыць, можа трыгерыць.

Але ў некаторых ужо проста не вытрымлівае псіхіка ці фізіялогія. А хтосьці проста з'язджаў, каб не быць у тым кашмары, выключыць сябе з сітуацыі. І гаварыць пра справы дыяспары — як наступаць на балючы мазоль. Таму паводзіны тых, хто сябе да яе адносіць, могуць выклікаць у нядаўна прыбылых кучу эмоцый, у тым ліку зайздрасць і нават агрэсію. І ўвогуле, мы пасіўна-агрэсіўная нацыя — дай толькі нагоду. Злосці назапасілася вельмі шмат, вось яна і выліваецца.

Таксама гэта падсілкоўваецца тым, што ў многіх беларусаў у Беларусі кожны ад'езд выклікае буру абурэння, роспачы і злосці ў чатах. Нядаўна нечакана сустрэла сваю знаёмую ў Варшаве. Пабалбаталі, сфатаграфаваліся — пытаю: "Фотачкі выкладзем?" Яна мне: "Давай не будзем, а то зараз такі гармідар падымецца. І так усе хвалююцца, і так усіх пачынае бамбіць, калі чарговы беларус з'язджае, маўляў, на каго вы нас пакінулі, а хто ж тут застанецца?" 

У дарозе / citydog.by

Еўрарадыё: З іншага боку, чалавек можа быць актыўным, займацца нейкімі іншымі важнымі праектамі, але не хадзіць на акцыі…

Наталля: Ну так, і мае на гэта права. Мы гаворым пра тых, хто проста пераехаў перачакаць сітуацыю. З іншага боку, ёсць тыя, хто ўспрымае дыяспару як групу беларусаў, якія даўно пераехалі. У іх розныя праблемы і клопаты з тымі, хто прыбыў толькі цяпер.

 

Еўрарадыё: Што баліць тым, хто пераязджае?

Наталля: Эміграцыю можна параўнаць з перасадкай расліны. Расла кветка на адным месцы, яе вырашылі перасадзіць. Гэта можна зрабіць акуратна ручкамі, не зачапіўшы карані, разам з зямелькай. А можна проста выдраць. Пры гэтым частка каранёў застанецца ў зямлі. Вось гэтыя разарваныя карані і баляць. 

Для адных гэта сябры і сваякі, іншыя прыкіпаюць да кватэры, раёна, горада, дзе выраслі. Чалавек перамяшчаецца ў новае асяроддзе, і яму ў ім вельмі дыскамфортна. Але на новым месцы трэба пускаць карані, каб набірацца пажыўных рэчываў і расці далей, у тым ліку каб пры жаданні, калі з'явіцца такая магчымасць, можна было вярнуцца дадому моцным.

 

Еўрарадыё: Як гэта атрымалася ў вас?

Наталля: Я ўцякачка — з'язджала вымушана. Хоць гэта была, наколькі магчыма, падрыхтаваная аперацыя і мне ўдалося пра сябе паклапаціцца, усё роўна было вельмі цяжка і балюча. І гэта нягледзячы на ​​тое, што мой асабісты досвед пераездаў вельмі вялікі, як і досвед працы з людзьмі, якія мігруюць. Усе практыкі, якія прапаную сваім кліентам, я выпрабавала на сабе. 

За першыя паўгода ўнутры толькі аднаго горада мне прыйшлося пераехаць дзевяць разоў. Тым не менш у мяне атрымалася адаптавацца, таму што я зрабіла для гэтага ўсё магчымае: знайшла блізкіх па духу людзей, пабудавала сувязі і ўсяляк клапацілася пра свой псіхалагічны стан. Усё гэта дало магчымасць падсілкавацца, каб мне было максімальна добра, наколькі гэта магчыма ў такой некамфортнай сітуацыі.

Цяпер да мяне пасля перапынку ў тэрапіі вярнуўся кліент, з якім я працавала дзесяць месяцаў. Ён быў вымушаны ўцякаць пасля ператрусаў і пяці арыштаў. Ён кажа, што ў часе перапынку зразумеў, што калі б не мая падтрымка, то ён з’ехаў бы з глузду. Так, ёсць людзі, якім адаптавацца цяжка. Мне ж спатрэбілася паўгода. Але першы час адчувала сябе вельмі дрэнна.

 

Еўрарадыё: Палітолаг Рыгор Астапеня кажа, што пратэставая аўдыторыя да гэтага часу жыве падзеямі 2020–2021 гадоў. Як вы думаеце, ці праўда гэта і што тады рабіць?

Наталля: Нехта так, а нехта не. Цяпер крыху іншая сітуацыя, але і тая не скончылася. Многія жывуць у яе працягу. У кагосьці атрымалася сысці ва ўнутраную эміграцыю, хтосьці завіс у жніўні 2020-га, а хтосьці жыве сучаснасцю, дзе падстаў для стрэсу вышэй галавы. Сказаць, што ўсё жывуць у жніўні 2020-га, няправільна. Цяпер ёсць іншыя падзеі і нагоды адчайвацца, сумаваць і злавацца. Што рабіць? Трэба фільтраваць навіны, дазаваць актыўнасці і разумець, што ты з іх вывозіш, а што не.

 

Еўрарадыё: Ці трэба нешта рабіць тым, каго да гэтага часу накрывае ўспамінамі з 2020-га?

Наталля: Абавязкова! Важна вылечыць тое, што магчыма. І неабходна працаваць над аднаўленнем рэсурсаў і берагчы сябе, у тым ліку ад празмернага патоку негатыўных навін. Забыцца ці пераключыцца ў поўнай меры немагчыма, таму цяпер шмат выпадкаў трывожных расстройстваў. Сёння нам цяжка нешта планаваць у сваiм жыццi далей чым на месяц. Што з гэтым зробіш? Хтосьці грэе сябе надзеяй на перамены да лепшага, але тое, што адбываецца цяпер у свеце, аптымізму не дадае. І гэта ўжо не падзеі жніўня 2020-га, гэта нашае жыццё сёння.  

І яшчэ: пакуль сама сістэма ў Беларусі не зменiцца, спакою не будзе. У траўматэрапіі ёсць адзін пастулат: траўма лечыцца толькі тады, калі траўмавальная падзея скончылася. Для беларусаў пакуль усё працягваецца. Груба кажучы, вельмі складана лячыць чалавека, якому грудную клетку прабіла металічным штыром, пакуль штыр не дасталі. Мы можам нешта рабіць, каб паранены не памёр.

Цяпер мы ўсе параненыя асколкамі таго, што адбываецца ў Беларусі пасля выбараў 2020-га. Мы можам нешта рабіць, каб падтрымліваць сябе, але трэба даставаць штыры і асколкі і лячыць. Але пакуль траўмавальная сітуацыя працягваецца, мы можам па вялікім рахунку толькі падтрымліваць сябе і іншых у нейкім жыццяздольным стане. Таму вельмі важна, каб траўмавальная сітуацыя завяршылася як мага хутчэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі