Ці дастануцца Беларусі грошы на аднаўленне пасля пандэміі? / pixabay
Навошта ўгаворваць дыяспары блакаваць сродкі МВФ і ці пашыраць ЗША санкцыі ў дачыненні да Беларусі? Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё разважаў арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра, праграмны дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін.
Цяпер ён разам са Святланай Ціханоўскай знаходзіцца з рабочым візітам у Вашынгтоне. Халезін мяркуе, што гэты візіт паскорыць і пашырыць новыя санкцыі супраць Беларусі.
— Мы і так перадавалі ўсю інфармацыю ЗША, але цяпер гэта было зроблена больш шырока. Мы перадалі інфармацыю не толькі ў афіцыйныя структуры, але і тым уплывовым гульцам і палітычным дзеячам, якія маюць сур'ёзную вагу ў ЗША. Спадзяюся, гэтае рашэнне [пра санкцыі. — Еўрарадыё] будзе прынятае ў самыя кароткія тэрміны. Цяпер ЗША разумеюць, што наступны ўдар павінен быць дастаткова сур'ёзным, каб Лукашэнка не змог ад яго акрыяць.
Міжнародны валютны фонд размяркуе паміж краінамі рэсурс у 650 млрд долараў, каб спрыяць аднаўленню эканомік пасля пандэміі. Гэта найбуйнейшая эмісія ў гісторыі МВФ, пісаў Telegraph. Для пераадолення найбуйнейшага крызісу з часоў Вялікай дэпрэсіі. Грошы могуць размеркаваць ужо да канца жніўня.
Беларусь з'яўляецца чальцом МВФ з 1992 года. За гэты час яна атрымала ад фонду падтрымку на суму 3,8 млрд долараў і ўсе атрыманыя крэдыты гасіла своечасова.
На новы транш Беларусь таксама можа разлічваць.
— Доля Беларусі склала 0,14 адсотка. Гэта, вядома, мізэрная доля, але гаворка ідзе прыкладна пра 930 мільёнаў долараў, — кажа ў эфіры Еўрарадыё Халезін.
Працэдура атрымання грошай простая: дзяржаве выдаецца купон, які яна можа абмяняць у любы час альбо на валюту, альбо на золата.
— Наша задача — зрабіць так, каб гэтыя грошы, нават калі купон выдадуць ураду, не былі атрыманыя. Дыяспары мусяць паўплываць на свае ўрады і запатрабаваць ад іх напісаць ноту ў МВФ. Расходаванне гэтых сродкаў мусіць быць замарожанае. Іх варта пакінуць за дзяржавай, але замарозіць іх расходаванне з прычыны незразумелай палітычнай сітуацыі. Вось на гэта нам трэба падштурхнуць усе дзяржавы, — лічыць Халезін.
Халезін не бачыць перспектыў арганізаваць сустрэчу Ціханоўскай з расійскім кіраўніцтвам. Тым не менш магчымасць даведацца пра пазіцыю афіцыйнай Масквы ён палічыў бы карыснай.
— Мы не разумеем расстаноўку сілаў у расійскім кіраўніцтве. Калі б гаворка ішла пра нейкую форму перамоваў на нейтральнай тэрыторыі з людзьмі, упаўнаважанымі расійскай уладай да перамоваў, пра гэта варта было б казаць. Варта было б як мінімум даведацца іх пазіцыю. Даведацца, ці можа пратэст бяспечна ўзаемадзейнічаць з Расіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут