Грузія адымала шэсць нулёў, Украіна — пяць (фота)

30/06/2016 - 14:51

Латвія зрабіла гэта 5 сакавіка 1993 года. Тады латвійскі рубель замянілі латам. Каэфіцыент абмену быў не самы зручны — 200 латвійскіх рублёў мянялі на 1 лат.

Адзін латвійскі рубель. Серыя 1992 года.
10 латвійскіх рублёў. Серыя 1992 года.
500 латвійскіх рублёў. Серыя 1992 года.

Літва правяла грашовую рэформу ў чэрвені 1993 года. Пасля гэтага літоўскія талоны замянілі на літы — 100 літоўскіх талонаў пачалі абменьваць на 1 літ. Дарэчы, гэтыя талоны былі вельмі падобныя да беларускіх “зайчыкаў”. На іх таксама змяшчаліся выявы мясцовых жывёлаў і птушак.

Перыяд пераходу на новыя грошы цягнуўся ўсяго месяц, ужо ў канцы ліпеня ва ўсёй краіне хадзілі літы.

50 літоўскіх талонаў. Серыя 1991 года
100 літоўскіх талонаў. Серыя 1991 года.
500 літоўскіх талонаў. Серыя 1993 года.

У Польшчы злоты дэнамінаваўся некалькі разоў. Першы — у далёкім 1950 годзе. Тады за 100 старых злотых давалі 1 новы. Другі раз грошы змянялі ў 1995 годзе і ўжо з 1 студзеня пачалі ўводзіць новыя, каэфіцыент абмену быў, як падчас цяперашняй дэнамінацыі ў Беларусі, 1:10 000. Цікава, што ў Польшчы планавалі таксама выпусціць купюру ў 500 злотых, але пасля дэталёвага эканамічнага аналізу было вырашана гэтага не рабіць. У Беларусі пасля дэнамінацыі найбольшай купюрай будзе 500 рублёў.

10 000 польскіх злотых. Серыя 1988 года.
Два мільёны польскіх злотых. Серыя 1992 года.

У 1996 годзе ва Украіне карбаванец замянілі на грыўню. Сам працэс змены старых грошай на новыя праходзіў вельмі хутка. Дэнамінацыю пачалі 2-га верасня, а скончылі 16-га. Тады 100 тысяч карбаванцаў абменьвалі на 1 грыўню.

Купон на 50 карбаванцаў. Серыя 1991 года.
Купон на 100 карбаванцаў. Серыя 1991 года.

У 1998 годзе праводзілі дэнамінацыю ў Расіі — 1000 старых расійскіх рублёў мянялі на 1 новы. Грошы старога ўзору можна было здаць у банк цягам года. Новыя расійскія грошы былі падобныя на старыя. 

10 тысяч расійскіх рублёў да дэнамінацыі.
10 расійскіх рублёў пасля дэнамінацыі.

Дэнамінацыя самага вялікага парадку ў паслясавецкіх краінах праводзілася ў 1995 годзе ў Грузіі. Падчас яе 1 мільён старых грузінскіх купонаў пачалі абменьваць на 1 лары. Прычынай была гіперінфляцыя — 678,4% у 1995 годзе.

Да дэнамінацыі ў гэтай паўднёвакаўказскай краіне хадзілі купюры нават большага наміналу, чым цяпер у Беларусі —  500-тысячныя і нават мільённыя банкноты. Цікава, што грузінскія купоны мелі і незвычайныя для Беларусі наміналы —  тры, тры тысячы, 30 тысяч і 150 тысяч купонаў.

Мільён грузінскіх купонаў. Серыя 1994 года.
Тры тысячы грузінскіх купонаў. Серыя 1993 года.
25 тысяч грузінскіх купонаў. Серыя 1993 года.

Сярод цяперашніх краінаў Еўрасаюза самая нядаўняя дэнамінацыя адбылася ў 2005 годзе ў Румыніі: 10 тысяч старых леяў тады абменьвалі на 1 новы.

Мільён леяў. Серыя 2003 года.
500 тысяч леяў. Серыя 2000 года

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі