Грунвальдская бітва для чайнікаў: хто, каго, калі і як

16/07/2019 - 11:57

15 ліпеня 1410 года на полі каля вёскі Грунвальд ва Усходняй Прусіі (сёння — тэрыторыя Польшчы) адбылася вялікая бойка паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага з аднаго боку і войскам Тэўтонскага ордэна з іншага. Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч лічыць, што менавіта дзякуючы перамозе ў Грунвальдскай бітве да 1915 года на тэрыторыю Беларусі не ступала нага ўзброенага нямецкага жаўнера. Што ж адбывалася ў той дзень пад небам Грунвальда? Хто, каго, калі і як? Кароткі гід па Грунвальдскай бітве для чайнікаў.

Алесь Краўцэвіч / facebook.com

Стратэгі Вітаўт і Ягайла

Бітва пад Грунвальдам была кульмінацыяй Вялікай вайны 1409–1411 гадоў. Пачалі гэтую вайну кароль польскі Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт — дваюрадныя браты, якія шмат змагаліся паміж сабой, але памірыліся і сталі саюзнікамі. 

"Вітаўт" / Невядомы мастак, XVII—XVIII стст.

Звычайна ў Сярэднявеччы вайна вялася за нейкую памежную вобласць. Яна ўвесь час пераходзіла з рук у рукі. Але Вітаўт і Ягайла вырашылі ваяваць па-іншаму: яны задумалі адным ударам знішчыць асноўнае войска варожай дзяржавы. На той час гэта было перадавой стратэгічнай думкай.

Што за Тэўтонскі ордэн?

Тэўтонскі ордэн быў заснаваны ў 1190 годзе ў Палесціне немцамі, якія ўдзельнічалі ў Трэцім крыжовым паходзе. Мэтай рыцараў была барацьба з паганцамі. Ужо ў пачатку XIII стагоддзя тэўтонцы разгарнуліся ў Прыбалтыцы і пачалі пагражаць паўночным межам Вялікага Княства Літоўскага.

 

slideshare.net

Дзяржава Тэўтонскаго ордэна была невялікая, але вельмі моцная. Яна мела развітую гаспадарку і добра арганізаванае войска і карысталася падтрымкай рыцарства ўсёй Заходняй Еўропы.

Гібрыдная вайна

Каб змусіць тэўтонцаў сканцэнтраваць сілы ў адным месцы, Ягайла з Вітаўтам распаўсюдзілі інфармацыю, што будуць нападаць на ордэн з двух бакоў: з тэрыторыі Польшчы і з тэрыторыі Жамойці. Вітаўт пакінуў каля крыжацкай мяжы войскі, якія дэманстравалі падрыхтоўку да атакі. А сам, сканцэнтраваўшы войскі каля Гародні, імклівым маршам уздоўж ордэнскай мяжы пайшоў на злучэнне з арміяй Польшчы каля Плоцка (на Вісле). Для кіраўніцтва тэўтонцаў злучэнне войскаў было нечаканым. Гросмайстар ордэна нават не паверыў вугорскаму шляхцічу, які быў сведкам пераправы войскаў Вітаўта цераз Віслу.

 

"Ягайла" / Партрэт пэндзля Марчэла Бачарэлі, 1768-1771 гады

Вітаўт і Ягайла накіравалі войскі на сталіцу тэўтонцаў Мальбарк. Крыжацкія войскі спрабавалі спыніць наступ, але браты абышлі іх і ў рэшце рэшт дайшлі да Грунвальдскага поля. Дарэчы, гэта насамрэч было поле, а не лес — проста канцылярыя польскага караля параблытала словы “лес” і “поле”.

Сценка на сценку

Сёння лічыцца, што ў бітве ўдзельнічала каля 60 тысяч чалавек. Перамога ў колькасці была на баку войска Вітаўта і Ягайлы, але тэўтонцы былі лепш узброеныя. Яны нават паспрабавалі выкарыстоўваць артылерыю, што было для тых часоў тэхналагічным прарывам. Але дожджык падмачыў зарады, і адбылося толькі два гарматныя стрэлы.

Бітва вялася “сценка на сценку”, як звычайна ў Сярэднявеччы. Яе можна параўнаць з “Бітвай бастардаў” у сёмым сезоне “Гульні тронаў”, калі ў чыстым полі сустрэліся войскі Рамсі Болтана і Джона Сноу.

 

Войскі Ягайлы стаялі на правым флангу, войскі Вітаўта — на левым. Менавіта яны распачалі бітву. Некаторыя гісторыкі кажуць, што гэта было хітрасцю Ягайлы: ён пачакаў, пакуль крыжакі знішчаць войскі ВКЛ, і толькі пасля ўвёў у бой польскія харугвы. Іншыя лічаць, што так і было дамоўлена паміж кіраўнікамі саюзнага войска і ў вырашальны момант бітвы менавіта ліцвіны, якіх тэўтонцы ўжо лічылі разбітымі, апракінулі войскі ордэна, ударыўшы ў тыл.

Тактычныя ўцёкі

Самы цікавы момант Грунвальдскай бітвы са слоў бацькі апісаў у XV стагоддзі польскі гісторык Ян Длугаш. У пэўны момант ліцвінскае войска быццам бы не вытрымала націску тэўтонцаў і кінулася на ўцёкі. Гэта быў тактычны манеўр, які ліцвіны перанялі ад татараў. Тэўтонцы ўзрадаваліся і кінуліся на пераслед, страціўшы строй. Але войска, якое толькі што ўцякала, па сігнале развярнулася і кінулася ў атаку!

У 1970-я ў архівах быў знойдзены ліст аднаго крыжацкага кіраўніка да другога, дзе было напісана: калі пабачыце, як ліцвіны бягуць з поля бітвы, не купляйцеся. Гэта манеўр уяўнага адступлення, які яны ўпершыню выкарысталі ў вялікай бітве пад Грунвальдам.

Чым скончылася Грунвальдская бітва

Рыцары страцілі каля 8 тысяч забітымі і каля 14 тысяч палоннымі. На полі пад Грунвальдам загінула ўсё кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна. У тыя часы такое вынішчэнне не было агульнапрынятым: звычайна шляхетных рыцараў бралі ў палон, а пасля патрабавалі за іх выкуп. Але пехацінцы з войска Вітаўта і Ягайлы былі простымі людзьмі, якім выкуп не свяціў. Таму яны і забівалі ўсіх без разбору.

Схема ваенных пазіцый у канцы бою

Таксама імаверна, што не пакідаць кіраўнікоў ордэна ў жывых загадалі асабіста Вітаўт ды Ягайла. І яшчэ адна версія: шмат ордэнскіх рыцараў загінула, бо не такімі ўжо і рыцарамі яны былі. У заможным Тэўтонскім ордэне колішнія ваяры займаліся гаспадарчымі справамі, адміністраваннем, кіраваннем і закінулі трэніроўкі. Таму і не змаглі супрацьстаяць сапраўдным рыцарам з Польшчы і ВКЛ.

Дык Вітаўт і Ягайла перамаглі?

Перамаглі, але не змаглі скарыстацца перамогай, бо прамарудзілі з маршам на сталіцу Тэўтонскага ордэна. Да Мальбарка яны ішлі амаль два тыдні. Адзін з ацалелых рыцараў, Генрых фон Плаўэн, здолеў прыйсці ў замак раней і арганізаваць абарону.

Што змянілася пасля Грунвальда

Тэўтонскі ордэн перастаў быць сілай і рэгіянальнай супердзяржавай. Крыжакі пакінулі ў спакоі паўночныя межы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Як ужо было заўважана, узброеныя нямецкія жаўнеры не ступалі на тэрыторыю Беларусі цягам чатырох стагоддзяў. Жартуюць, што і нямецкіх турыстаў пасля разгрому пад Грунвальдам мы тут не бачылі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі