Гродзенская вобласць адмовілася ад пяцітомніка Святланы Алексіевіч

25/06/2018 - 17:57

Гродзенская вобласць адмовілася ад бясплатнай перадачы пяцітомніка твораў нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Пра гэта распавёў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка.

"У Гродзенскай вобласці ўвялі паняцце дастатковасці кніг і заявілі, што ў іх бібліятэках кніг дастаткова. Але ж гэта пераклады кніг Алексіевіч, якіх раней не было! А гэта значыць, што дастатковасць кніг Алексіевіч у Гродзенскай вобласці — нуль?" — здзіўляецца банкір.

Бабарыка заклікаў бібліятэкі Гродзеншчыны ў прыватным парадку звяртацца ў абласное прадстаўніцтва Белгазпрамбанка па кнігі нобелеўскай лаўрэаткі.

Агулам банк планаваў перадаць у бібліятэкі краіны тры тысячы камплектаў пяцітомніка Святланы Алексіевіч, выдадзенага па-беларуску.

Збор грошай на выданне адбываўся з дапамогай краўдфандынгу, у якім вырашыў паўдзельнічаць і Белгазпрамбанк. Сёння ў мінскай культурнай прасторы "OK'16" удзельнікі краўдфандынг-кампаніі атрымліваюць выдадзеныя кнігі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі