“Гомельаблаўтатранс” вярнуў дзяржаве Br1,5 млрд незаконна атрыманых субсідыяў

18/05/2016 - 04:44

Паўтара мільярда рублёў вярнула ў бюджэт прадпрыемства “Гомельаблаўтатранс”. Гэта былі незаконна атрыманыя субсідыі на кампенсацыю выдаткаў. На прадпрыемстве прайшла праверка Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці, якая і выявіла парушэнні, паведамляе БелаПАН.                                                  

Паводле вынікаў праверкі, у 2014-2015 гадах “Гомельаблаўтатранс” неабгрунтавана залічыў у сабекошт перавозкі пасажыраў і ў склад выдаткаў звышнарматыўны расход цеплавой і электрычнай энергіі на 19,8 мільярда рублёў. Таксама туды былі аднесеныя выдаткі на амартызацыю па невыкарыстаных асноўных сродках на агульную суму 868,8 мільёна рублёў.

Дзякуючы ўмяшанню КДК, у бюджэт вярнулі 1,5 мільярда субсідыяў. Гэтыя грошы ішлі на выплату прэміяў, матэрыяльнай дапамогі і іншых сацыяльных выплат работнікам, якія не былі звязаныя з перавозкай пасажыраў.

Дзяржкантроль сумесна са спецыялістамі прадпрыемства распрацаваў план мерапрыемстваў па скарачэнні “Гомельаблаўтатрансам” выдаткаў і зніжэнні нагрузкі на бюджэт.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі