Гістарычнае таварыства назвала мэту знішчэння польскіх магіл у Беларусі

12/07/2022 - 10:49

Мэта знішчэння магіл жаўнераў Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі — ні хто іншае, як спроба пасварыць палякаў і беларусаў. Пра гэта заяўляюць у Беларускім гістарычным таварыстве ў Беластоку, піша Gazeta Wyborcza.

"Мы на гэта не згодныя", — дадаюць актывісты таварыства. Арганізацыя асуджае зруйнаванне магіл польскіх жаўнераў у Ашмянах, Мікулішках, Бабровічах, Качычах, Ваўкавыску і іншых месцах. "Гэта суцэльнае барбарства", — кажуць актывісты беларускай меншасці ў Польшчы.

Прафесар і выкладчык Беластоцкага ўніверсітэту Алег Латышонак падкрэслівае: "У нашай цывілізацыі павага стала нормай не толькі да сваіх жаўнераў, але і да чужых жаўнераў і нават ворагаў. Гэта таксама азначае клопат аб іх годным пахаванні. Знішчэнне магілаў польскіх жаўнераў сёння ёсць крайнім барбарствам. Самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі перайшоў яшчэ адну непраходную мяжу".

У сувязі з сітуацыяй МЗС Польшчы перадаў беларускаму боку пратэст.

"У Польшчы пад аховай знаходзяцца больш за 1,2 мільёна магіл чырвонаармейцаў. На жаль, у Беларусі не працуюць па такіх стандартах. Замест гэтага яна агідна хлусіць, каб схаваць праўду", — гаворыцца на старонцы міністэрства ў твітары.

У беларускім МЗС заявілі, што ніякіх магіл польскіх жаўнераў на зраўняных з зямлёй месцах не было.

 

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі