Беларус Ілля Шкурын выйшаў у стартавым складзе “Легіі” і адзначыўся выніковым дзеяннем / legia.com
Выніковае дзеянне беларускага футбаліста Іллі Шкурына за новую каманду — варшаўскую “Легію” — дапамагло клубу атрымаць перамогу над “Слёнскам” з лікам 3:1.
Шкурын выйшаў у стартавым складзе і аддаў выніковую перадачу, якая прывяла да першага ўзяцця брамы.
У першым тайме беларус мог і сам забіць, але пасля яго ўдару брамнік дакрануўся да мяча кончыкамі пальцаў, той змяніў траекторыю і трапіў у штангу.
У другім тайме Шкурына замянілі — гэта адбылося на 64-й хвіліне.
Такім чынам, у сваім трэцім афіцыйным матчы за новы клуб Ілля Шкурын адзначыўся выніковым дзеяннем. Паводле сэрвісу Sofascore, у беларуса адна з найлепшых адзнак за гульню — 7.5. Вышэй толькі ў Барташа Капусткі (7.6) і Марка Гуаля (7.7).
Беларускі футбаліст стаў гульцом варшаўскай "Легіі" 20 лютага. Форвард падпісаў з польскім клубам трохгадовы кантракт. Кошт трансферу склаў 1,5 млн еўра і стаў трэцім па кошце за ўсю гісторыю Экстраклясы.
Іллю Шкурыну 25 гадоў. У 2019-м ён стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі, у складзе "Энергетыка-БДУ" забіў 19 галоў. Пасля былі ЦСКА, кіеўскае "Дынама" і польскі "Ракув".
У 2022-2023 гадах беларус гуляў у Ізраілі і зноў стаў шмат забіваць. Пераход у польскую "Сталь" аказаўся ўдалым: у першым сезоне Шкурын забіў 16 галоў (другое месца сярод бамбардзіраў чэмпіянату Польшчы). У 19 матчах гэтага сезону форвард забіў 5 галоў і аддаў 2 галевыя перадачы.
"Сталь" — серадняк, а "Легія" займае пятае месца ў Экстракласе.
У 2020-м Ілля Шкурын падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. Ён тады заявіў, што не будзе выступаць за нацыянальную зборную Беларусі, пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка.
To see this content visit the full version of this page.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут