Футбольная зборная Беларусі разгромна прайграла зборнай Швецыі (відэа)

03/09/2017 - 21:24

Футбольная зборная Беларусі разгромна прайграла зборнай Швецыі — 0:4. Адборачны матч чэмпіянату свету ў нядзелю прайшоў на “Барысаў-Арэне”. Яго ганебны вынік быў зразумелы ўжо ў першым тайме. Беларуская абарона нарабіла столькі памылак, што на 37-й хвіліне лік быў 0:3 (вызначыліся Эміль Форсберг, Крыстафер Нюман і Маркус Берг). Шведы ў далейшым кантралявалі ход гульні і маглі яшчэ неаднаразова забіваць, пераможную кропку паставілі на 84-й з пенальці (яго рэалізаваў Андрэас Гранквіст). Як вядома, у сакавіку ў гасцях наша каманда таксама прайграла шведам з лікам 0:4.

Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Чэрнік, Бурко, Сачыўка, Філіпенка (капітан), Сівакоў, Рыас, Няхайчык (Драгун, 46), Корзун, Балановіч (Савіцкі, 61), Сарока, Сігневіч (Быкаў, 78). Галоўны трэнер Ігар Крывушэнка на пасляматчавай прэс-канферэнцыі наракаў на індывідуальныя памылкі гульцоў.  “Мы ў поўнай ж..е. Зганьбіліся, і няма нам ніякага апраўдання”,сказаў Філіпенка.

У іншых сённяшніх матчах у групе “А” Нідэрланды выйгралі ў Балгарыі — 3:1, Францыя і Люксембург згулялі ўнічыю 0:0. Лідыруе Францыя — 17 ачкоў, Швецыя мае 16, Нідэрланды — 13 ачкоў, Балгарыя — 12, Люксембург і Беларусь — па 5. 7 кастрычніка зборная Беларусі прымае Нідэрланды.

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас падчас матчу быў засмучаны. Відавочна, ён шукаў адказ на пытанне “Што рабіць?”.
Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі