Банк перавёў грошы, але іх не змаглі размеркаваць паміж трымальнікамі аблігацый. Бо ніхто не разумее, ці парушае гэта санкцыі / Фота ілюстрацыйнае, pixabay
Рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла доўгатэрміновы рэйтынг еўрааблігацый "Банка развіцця Беларусі" да "C". Прычына ў тым, што трымальнікі аблігацый не атрымалі своечасова свае выплаты, хоць банк і паспрабаваў іх перавесці.
"Сума была пераведзеная аплатнаму агенту ў Вялікабрытаніі, але апошні не размеркаваў гэтыя сродкі сярод трымальнікаў аблігацый у дату выплаты праз адсутнасць яснасці наконт таго, ці будзе гэта парушэннем санкцый Вялікабрытаніі ў дачыненні да Беларусі", — гаворыцца ў заяве рэйтынгавага агенцтва.
Улічваючы двухсэнсоўнасць сітуацыі, Fitch не стаў паніжаць доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг банка ў нацыянальнай валюце — ён застаўся на ўзроўні "СС". Агенцтва патлумачыла: банк выканаў сваё абавязацельства, перавёў суму "своечасова, у поўным аб'ёме і ў названай валюце".
Цяпер бакі, у тым ліку агенцтва Fitch, звярнуліся да кампетэнтных органаў Вялікабрытаніі, каб ім патлумачылі, як супрацоўнічаць з "Банкам развіцця", каб выпадкова не парушыць санкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут