Фільм пра "залатое дно" Лукашэнкі паглядзелі 5 мільёнаў разоў

14/03/2021 - 08:07
Адна з рэзідэнцый Лукашэнкі ў Александрыі / TUT.by

Фільм "Залатое дно" Сцяпана Пуцілы аб нерухомасці Аляксандра Лукашэнкі за 5 дзён паглядзелі больш за 5 мільёнаў разоў. Стужку, якая з'явілася на YouTube 8 сакавіка і ў якой распавядаецца аб самалётах, рэзідэнцыях і аўтапарку беларускага кіраўніка, лайкнулі больш за 303 тысяч чалавек. Пад фільмам больш за 50 тысяч каментароў.

Аляксандр Лукашэнка ўжо пракаментаваў фільм. Гэта здарылася падчас "Мінскай лыжні" ў Раўбічах у суботу 13 сакавіка. Ён заявіў, што фільм не глядзеў, і што ўсё ў ім няпраўда:

"Кажуць, што вельмі вялікі фільм, доўгі. У мяне столькі часу няма глядзець. Мне далі проста блокамі аналіз. І я таксама зрабіў выснову, што новага тут нічога няма. Разумееце, самае страшнае для мяне — зганьбіцца перад вамі. Я ніколі не зраблю так, як я не кажу. Калі я сказаў, я так мушу і зрабіць. Таму не трэба шукаць. Яны ўзяліся за гэтую тэму дарма. Гэта калька з фільма Пуціна. Калька. Палацы там, яшчэ штосьці, і ў штаны залезлі ў канцы. Ну слухайце, гэта наогул ужо не прыстойна. Потым называюць канкрэтныя прозвішчы, якія па іх задуме да гэтага не маюць ніякага дачынення, клянуся вам. Навошта?".

Дарэчы, аўтары "Залатога дна" абяцаюць зрабіць рэзананснае расследаванне аб раскошы, у якой нібыта жыве Лукашэнка і яго сям'я, серыялам. Цяпер фільм ўзначальвае трэнды беларускага YouTube.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі