Федарэнкаў: Без Сцяпанава Льюіс рызыкуе, але ён ведае кошт гэтага чэмпіянату

19/04/2017 - 16:06

Хакейная зборная Беларусі працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату свету, які пройдзе з 5 па 21 траўня ў Францыі і Германіі. Наша каманда на папярэднім этапе згуляе ў адной групе з Фінляндыяй, Канадай, Чэхіяй, Швейцарыяй, Славеніяй, Нарвегіяй і Францыяй. Каб выйсці ў плэй-оф, неабходна трапіць у чацвёрку мацнейшых. У панядзелак ўсіх ускалыхнула навіна пра адхіленне з каманды лепшага форварда апошніх турніраў Андрэя Сцяпанава. Галоўны трэнер Дэйв Льюіс патлумачыў гэта вельмі фармальна: нападаючы не гатовы гуляць аднолькава добра на ўсіх пазіцыях. Што чакае зборную на чэмпіянаце свету, чаму прабуксоўвае нацыянальная хакейная школа і з-за чаго натуралізаваныя паўночнаамерыканцы больш не гуляюць за Беларусь — пра гэта ў эфіры Еўрарадыё разважае хакейны аглядальнік газеты “Прэсбол” Вячаслаў Федарэнкаў.

 Поўная відэаверсія размовы:

Канспект. Галоўныя цытаты з размовы

 

Зразумела, што прычыны вызвалення Сцяпанава са зборнай не вельмі пераканаўчыя. Наколькі я інфармаваны, у Андрэя не было праблем з рэжымам. Таму тут сапраўды чыста гульнявыя моманты, магчыма, нейкія непаразуменні паміж трэнерам і гульцом. Льюіс, безумоўна, рызыкуе, але ён ведае кошт гэтага чэмпіянату і для трэнерскага штаба, і для нашай зборнай. 

 

Сёлета Льюіс не кажа пра медалі. Магчыма, яму проста растлумачылі, што не трэба смяшыць, лепш вы моўчкі вазьміце тыя медалі ці хаця б выйдзеце ў паўфінал, што ўжо будзе космасам для нашага хакея. Льюіс зрабіў высновы пасля вельмі сумнага леташняга першынства, таму я з вельмі вялікай цікаўнасцю чакаю гэтага чэмпіянату. Пасля мінулых двух трэнер разумее, што для яго гэта будзе Рубікон. 

Я сімпатызую Льюісу ў тым сэнсе, што ён, па-першае, эксперыментуе, па-другое, ніколі не палохаецца рабіць нечаканыя кадравыя крокі.

 

Не зусім карэктна ставіць у залежнасць поспехі зборнай ад колькасці прадстаўнікоў у НХЛ. Падчас чэмпіянату свету ў НХЛ ідзе плэй-оф. Вось Алімпіяда, Кубак свету — гэта турнір мацнейшых з мацнейшых. А чэмпіянат свету — гэта турнір мацнейшых са слабейшых.

 

Магчыма, нават і лепш, што ў нас няма нікога з НХЛ, бо няма тых, хто пад’едзе падчас чэмпіянату, не сыграны, стомлены ад фізічных нагрузак у плэй-оф НХЛ, адкуль вылецеў, таму яшчэ і не ў лепшым псіхалагічным стане. У нас жа ўсё больш менш роўна.

 

Было відавочна, што натуралізаваныя хакеісты будуць у зборнай да таго часу, пакуль гуляюць у мінскім “Дынама”. Навошта канадцу беларуская зборная? Зразумела, калі б выйгралі алімпійскую кваліфікацыю — гэта гонар для кожнага хакеіста, яны б прыехалі. Таму ўсё зразумела. Лаланд так і гуляе ў “Дынама”, Лінгле без кантракту, для яго чэмпіянат — гэта кірмаш, дзе можна атрымаць працу. Я прымаю натуралізацыю, калі гэта сапраўдная натуралізацыя. Ёсць расіянін Сцяпанаў, украінец Мацярухін — яны праязджаюць сюды і пускаюць тут карані, купляюць дамы, жэняцца, нараджаюць тут дзяцей. Для іх гэта ўжо другая радзіма.

Шанцы беларусаў на сёлетнім чэмпіянаце 50 на 50. Як не дзіўна, але цяпер “вангаваць” нашмат прасцей, чым год таму. Цяпер я ўпэўнены ў адным: горш, чым было летась у Санкт-Пецярбургу, не будзе. Будзе толькі лепш. Наколькі лепш? Усё залежыць ад таго, як пачнуць.

 

Раней мы трымаліся на багажы яшчэ савецкай хакейнай школы, якая сапраўды была вельмі моцнай. Іншыя ж краіны, што былі ніжэй за нас, проста развіваліся. У нас таксама былі магчымасці ў пачатку 2000-х, калі былі грошы на добры чэмпіянат Беларусі, але ў клубах не было неабходнай сістэмнасці. Цяпер федэрацыя хакея спрабуе ўстаць на тыя рэйкі, на якія мы павінны былі стаць яшчэ ў пачатку 2000-х, і зрабіць штосьці сістэмнае, стварыць адну агульную для ўсіх школу, абавязковую праграму навучання, скапіраваць тое, што робіцца ў Швецыі і пайсці тым шляхам, якім тыя самыя нарвежцы, датчане, швейцарцы ідуць ужо 15 гадоў. Згубілі час, але лепей позна, чым ніколі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі