ФБР узламала яшчэ адзін айфон без дапамогі кампаніі Apple

23/04/2016 - 16:29

Міністэрства юстыцыі ЗША адмовілася ад спробаў прымусіць Apple разблакаваць тэлефон, які праходзіць па справе аб гандлю наркотыкамі з Нью-Йорку. Згодна з лістом пракуратуры, які быў накіраваны ў федэральны суд, улады атрымалі пароль, які адкрыў доступ да прылады і больш не маюць патрэбы ў дапамозе кампаніі.  

Раней пракуратура спрабавала прымусіць Apple праз суд да супрацоўніцтва са следствам па гэтай справе. Таксама раней Федэральнае бюро расследаванняў ЗША хацела атрымаць доступ да тэлефона “стралка з Сан-Бернардзіна”, які ў снежні мінулага года забіў 14 чалавек.

ФБР не ведала кода прылады, а супрацоўнікі спецслужбаў некалькі разоў увялі няправільны пароль. Сістэма бяспекі iPhone прадугледжвае, што пасля 10 няправільных спробаў доступ да тэлефона блакуецца, а ўсе дадзеныя знішчаюцца. Apple таксама не можа атрымаць доступ да памяці тэлефона.

Суд абавязаў кампанію стварыць праграму, якая адкрывае доступ, аднак Apple адмовілася і абскардзіла ў судзе гэтае рашэнне. У выніку ФБР самастойна ўзламала тэлефон і заплаціла за гэта 1,3 мільёна долараў.

У справе аб абароце наркотыкаў у Нью-Йорку фігураваў iPhone іншай мадэлі. Аднак у Apple заявілі, што яго можна таксама ўзламаць пры дапамозе тэхналогіяў, выкарыстаных у выпадку з тэлефонам “стралка з Сан-Бернардзіна”, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі