Днямі стала вядома, што Еўрасаюз забараніў прадаваць на сваёй тэрыторыі дзве цацкі, зробленыя ў Беларусі. Канструктар-самалёцік “Юны падарожнік” і кацяня “Бімбасфера” прызнаныя смяротна небяспечнымі для дзяцей.
Фабрыка “Палессе”, на якой былі вырабленыя абедзве цацкі, у адказ на запыт Еўрарадыё патлумачыла, чаму яе прадукцыя трапіла пад забарону.
Першая частка адказу адносіцца да цацкі “Бімбасфера — Кацяня”.
Нягледзячы на жорсткія нормы кантролю, уведзеныя на нашым прадпрыемстве, пры адгрузцы прадукцыі ў Еўропу ў адну партыю патрапіла нязначная колькасць цацак з доўгім шнурком, якія не адпавядалі патрабаванням Еўрапейскага стандарту якасці. Дадзеная партыя была выяўлена і неадкладна адкліканая з рынку.
Сёння для выключэння падобнай сітуацыі мы прытрымліваемся больш строгага стандарту незалежна ад рынку рэалізацыі прадукцыі”.
Па словах прадстаўнікоў фабрыкі, на еўрапейскі рынак трапіла “нязначная партыя цацак”, якая адразу была адкліканая.
У наступных абзацах прадстаўнікі “Палесся” тлумачаць, чаму быў забаронены
канструктар-самалёцік.
Цацка “Канструктар “Юны падарожнік” — самалёт” сертыфікаваная як прадукцыя для дзяцей ад трох гадоў. На цаццы ёсць адпаведная маркіроўка. Цацка цалкам адпавядае патрабаванням, што прад'яўляюцца да цацак з узроставым абмежаваннем ад трох гадоў (3+).
Нашы калегі з Еўрапейскіх кантралюючых органаў палічылі, што цацка прызначаная для дзяцей узростам ад аднаго года, і пры праверцы цацкі арыентаваліся на патрабаванні, што прад'яўляюцца да цацак з узроставым абмежаваннем да трох гадоў (1-3). Відавочна, існуе канфлікт меркаванняў пры ацэнцы цацкі, але гэта звычайнае паўсядзённае пытанне, якое будзе вырашанае”.
На фабрыцы падкрэсліваюць, што забароненыя ў Еўрасаюзе цацкі не будуць прыбірацца з рынкаў краін СНД, бо цалкам адпавядаюць патрабаванням ТРМС “Аб бяспецы цацак” 008/2011, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і іншых краін-удзельніц Мытнага саюза.