Эстонія забараняе транзіт збожжа з Беларусі і Расіі

01/10/2026 - 13:28

Збожжа, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Эстонія забараняе транзіт збожжа з Беларусі і Расіі праз сваю тэрыторыю. Адпаведнае рашэнне 1 кастрычніка прыняў урад краіны.

"Расія атакуе ўкраінскія парты і перашкаджае выхаду ўкраінскага збожжа на сусветныя рынкі. Было б цынічна адначасова з гэтым дазваляць Расіі экспартаваць уласнае збожжа праз нашы парты. Эстонія гэтага не дапусціць", — цытуе "Новая газета Балтия" словы міністра замежных спраў Маргуса Цахкны.

Ён дадаў, што ўрад уводзіць нацыянальныя санкцыі, каб не дапамагаць Расіі змякчаць наступствы развязанай вайны.

У МЗС Эстоніі кажуць, што транзіту расійскага збожжа праз Эстонію дагэтуль практычна не было. Але Расія шукае новыя экспартныя маршруты і выказвае цікавасць да выкарыстання эстонскіх партоў. Прэвентыўная забарона перашкодзіць у стварэнні новага транзітнага маршруту для расійскага збожжа.

Раней Латвія заявіла, што намераная ўвесці 300-адсоткавыя пошліны на збожжа з Беларусі і Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі