Эксперты назвалі здароўе Лукашэнкі галоўным трыгерам транзіту ўлады

23/07/2026 - 13:57

Беларусь пасля Лукашэнкі ўсё бліжэй / LookByMedia

Транзіт улады ў Беларусі да 2040 года беларускія эксперты лічаць практычна непазбежным — так адказалі 90% удзельнікаў апытання. Пра гэта — новае даследаванне "Цэнтра новых ідэй", заснаванае на меркаваннях 29 экспертаў.

Найбольш верагодным сцэнарыем пачатку транзіту стане кіраваная перадача ўлады зверху — так лічаць 72% апытаных. Галоўным трыгерам транзіту эксперты называюць стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі — на гэта ўказалі 79% апытаных. Другі па значнасці фактар — нестабільнасць у Расіі, яго назвалі 38% экспертаў.

Захад, у сваю чаргу, дэманструе высокі запыт на змены, але пакуль не гатовы актыўна ўплываць на працэс, гаворыцца ў даследаванні.

У дакуменце сцвярджаецца, што на першым этапе рэальную ўладу, хутчэй за ўсё, атрымаюць прадстаўнікі ўнутрысістэмнага асяроддзя: дзеючыя чыноўнікі (48%), сям'я Лукашэнкі (21%) або сілавікі (17%). 

Пры гэтым беларускае грамадства і эліты пакуль дэманструюць пасіўнасць: 69% экспертаў чакаюць, што эліты зоймуць пазіцыю чакання, а 55% мяркуюць, што грамадства прыме статус-кво.

Эксперты вылучылі чатыры асноўныя сцэнарыі развіцця падзей, у самым горшым з якіх сітуацыя ў Беларусі замарожваецца, а краіна страціць суб'ектнасць пры паглыбленні расійскага кантролю.

Змены будуць

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў эфіры Еўрарадыё выказаў свае думкі наконт даследавання. Ён упэўнены, што новай уладзе пасля Лукашэнкі давядзецца наладжваць адносіны з Еўропай і Захадам.

— Давядзецца праводзіць даўно наспелыя эканамічныя рэформы, пра якія мы ўжо сёння гаварылі. Гэта значыць, нават калі да ўлады прыйдзе нехта з наменклатуры, то, не маючы такога таксічнага іміджу, як у Лукашэнкі, ён будзе імкнуцца хаця б часткова выправіць тое, што было разбурана: аднавіць адносіны з Захадам, рэфармаваць эканамічную сістэму і гэтак далей.

Але чакаць цудоўнага сцэнарыя, пры якім, умоўна кажучы, Лукашэнка памірае, а праз тры дні Святлана Ціханоўская прыязджае ў Мінск на браніраваным цягніку, я б не стаў. Думаю, такога не адбудзецца, — лічыць аглядальнік.

Мёртвая рука Масквы

Найбольшыя шансы будуць у таго, хто, па-першае, валодае сілавым рэсурсам, а па-другое, здолее заручыцца падтрымкай Масквы, лічыць Класкоўскі.

— Хаця і тут шмат залежыць ад абставін. Аўтары даследавання адзначаюць, што існуе невялікае акно магчымасцей, калі Расія акажацца аслабленай.

І тут мы зноў вяртаемся да фактару здароўя Пуціна. Калі ўявіць сітуацыю, пры якой Пуціна больш не будзе пры ўладзе, то ў самой Расіі, верагодна, таксама пачнецца ўласная барацьба за ўладу — тая самая "схватка бульдогаў пад дываном", а можа быць, ужо і без усякага дывана.

Мы памятаем, што ў свой час Прыгожын пайшоў на Маскву. Расія застаецца Расіяй, і там магчымы самыя непрадказальныя форс-мажорныя падзеі.

Менавіта ў такой сітуацыі, калі Маскве будзе не да Беларусі, можа з'явіцца пэўны шанс на адносна хуткія дэмакратычныя рэформы, — упэўнены Класкоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі