Эканаміст пра інтэграцыю з Расіяй: будзем расціскаць польскія яблыкі?

16/09/2019 - 14:41
Фота: Reuters

Апублікаваныя "Коммерсантом" падрабязнасці эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі выклікалі буру ў беларускіх СМІ і сацсетках. Яшчэ б: па дадзеных расійскага выдання, праграма эканамічнай інтэграцыі прадугледжвае частковае аб'яднанне двух эканамічных сістэм са студзеня 2021 года. Прычым часткова эканамічная інтэграцыя будзе на ўзроўні Еўрасаюза, а ў шэрагу аспектаў - аналагічная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржаве.

 

А ці быў дакумент?

Старшы аналітык "Альпари" Вадзім Іосуб адразу выказвае сумневы ў сапраўднасці дакумента, які абмяркоўваецца:


"З аднаго боку, "Коммерсантъ" адно з аўтарытэтных расійскіх выданняў, з другога — менавіта ён раней быў заўважаны ў розных укідах, якія датычыліся беларуска-расійскіх адносін. Гады два таму, калі ішлі досыць вострыя перамовы па нафце, па газе, па формуле цаны і гэтак далей, менавіта на "Коммерсанте" была серыя публікацый па гэтых пытаннях, якія ў будучыні не пацвердзіліся".

У самім артыкуле няма ні скрыншота дакумента, атрыманага “Ъ” ад сваёй крыніцы, ні проста хоць бы адной цытаты з яго.

Намеснік галоўнага рэдактара газеты "Коммерсантъ" і аўтар тэксту Дзмітрый Бутрын адмаўляецца перадаць Еўрарадыё дакумент, пра які піша. Што ж, у яго на гэта могуць быць свае прычыны. Дзмітрый прызнаецца, што план інтэграцыі — больш смелы, чым можна было чакаць.

 

"Не думаю, што гэты інтэграцыйны план літаральна выканальны, — лічыць эксперт. — Я не думаю, што гэтая гісторыя пройдзе роўна так, як напісана. Гэта — вельмі амбіцыйны план, і так наогул не бывае".

Інтэгравацца за паўтара года

"Нават калі паспрабаваць сур'ёзна паставіцца да таго, што выкладзена ў артыкуле", то для гарманізацыі Грамадзянскага кодэкса, падатковай сістэмы, банкаўскага рэгулявання пазначаны абсалютна нерэалістычныя тэрміны. Працягвае Вадзім Іосуб:

"Мы ведаем, што калі ў нас змяняецца адзін падатак, то гэта трэба бухгалтэрыі перакройваць сваю працу, падатковая выдае дзясяткі тлумачэнняў па нюансах, як гэтыя падаткі лічацца, трэба ўносіць змены ў праграмы і гэтак далей. Гэта — калі трэба памяняць адзін падатак з двухсот. Але што такое — памяняць усю падатковую сістэму? Як гэта будзе ўсё рэалізоўвацца, незразумела зусім".

Як і ў Вадзіма Іосуба, у Дзмітрыя Бутрына ёсць пытанні да тэрмінаў рэалізацыі плана інтэграцыі.

"Напрыклад, дарожныя карты [па аб'яднанні галіновага рэгулявання. — Еўрарадыё] павінны быць падрыхтаваны да 1 лістапада 2019 года. Гэта дзіўна, таму што гэта не той тэрмін, гэта так хутка не робіцца. Такія дарожныя карты так хутка напісаць немагчыма".

На думку Дзмітрыя Бутрына, рэалізацыя плана, пра які ідзе гаворка, будзе зацягнутая мінімум у два разы. Ён нагадвае, што беларуска-расійскія перамовы заўсёды маюць своеасаблівую афарбоўку: бакі абяцаюць адзін аднаму адно, але ў выніку атрымліваюць значна менш.

"Ну вядома, што кантроль за расійскім "цэхам" Беларусь атрымаць не зможа. Аднак удзел чыноўнікаў Беларусі ў прыняцці рашэнняў так, каб яны іх задавольвалі, гэта, мабыць, і ёсць мэта, якая будзе стаяць у цэнтры перамоў. Але як гэта будзе вырашана з прававога пункту гледжання, я таксама не разумею". 

 

Аб'яднаць неаб'яднальнае

Аўтар тэлеграм-канала "Эканоміка" звяртае ўвагу, што ўніфікацыя падатковага заканадаўства ставіць пад сумнеў існаванне беларускага Парка высокіх тэхналогій. "Увядзенне адзінай палітыкі санкцый і контрсанкций азначае сур'ёзнае пагаршэнне адносін з еўрапейскімі і амерыканскімі заказчыкамі, — піша ён. — Амаль цалкам беларускі IT-бізнес — гэта аўтсорс на багатых заказчыкаў у ЕС і ЗША. Прадуктовых кампаній вельмі мала, яны часта з трыбухамі прадаюцца інвестарам на Захадзе".

Вадзім Іосуб таксама ўспамінае пра існаванне ў Беларусі праектаў з ільготным падаткаабкладаннем:

"А што рабіць з нашымі свабоднымі эканамічнымі зонамі? Як быць з нашым "Вялікім каменем"? Як быць з нашым Паркам высокіх тэхналогій?" — задаецца пытаннямі аналітык.

Мноства адрозненняў існуе таксама ў галіне банкаўскага рэгулявання.

"Напрыклад, у нас гарантуецца вяртанне ўкладаў у любой суме з усімі працэнтамі, у любой валюце. У Расіі ж пад страхаванне падпадаюць абмежаваныя сумы. Думаю, што сур'ёзная частка беларускіх укладчыкаў з'яўляецца ўкладчыкамі менавіта таму, што ў выпадку чаго яны разлічваюць на поўную гарантыю. Калі мы пяройдзем на "расійскія рэйкі" — пэўная частка інвестараў з банкаў пабяжыць".

Навошта тады гэта ўсё? І адкуль спешка?

Па словах Іосуба, інфармацыя, выкладзеная ў артыкуле, можа быць збольшага прыдуманая. Але можа быць і другі варыянт, дастаткова стандартны для Беларусі:

"Гэта — калі Беларусь хоча тут і цяпер (груба кажучы, да канца года) атрымаць прымальныя цэны на нафту, прымальныя цэны на газ, атрымаць кампенсацыю за "падатковы манеўр" і доступ на расійскі рынак, а наўзамен гэтага даць абяцанне і чарговы раз іх загуляць".

Пакуль што праект выклікае больш пытанняў, чым дае адказаў.

"Гарманізацыя мытнага заканадаўства — гэта наогул што? Гэта адмова ад грузінскіх і малдаўскіх вінаў? Гэта адмова ад еўрапейскага сыру? Гэта бульдозерамі расціскаць польскія яблыкі?"

У самім жа артыкуле параўноўваецца сітуацыя з Еўрасаюзам. І адзначаецца, што гэта будзе больш цесная эканамічная інтэграцыя. Але досыць успомніць, што ад "Саюза вугалю і сталі" да Еўрасаюза ўдзельнікі гарманізавалі сваё заканадаўства некалькі дзясяткаў гадоў.

 

Свежыя навіны пра беларуска-расійскую інтэграцыю мы абмеркавалі ў жывым эфіры Еўрарадыё з незалежным аналітыкам Сяргеем Чалым:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі