Джазмен Павел Аракелян знайшоў у базе данос на сябе

30/04/2024 - 14:41

Павел Аракелян / Еўрарадыё

У базе даносаў, якую апублікавалі "Кібер-партызаны" джазмен Павел Аракелян знайшоў данос на сябе. Пра гэта музыка распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Аўтарам даносу выступіў вядомы арганізатар джазавых вечарын у Мінску Яўген Уладзіміраў. Дата даносу — 18 кастрычніка 2020 года.

"Прашу тэрмінова прыняць законныя меры. Гр-н Аракелян Павел мэтанакіравана заклікае 26 кастрычніка да агульнанацыянальнай забастоўкі, асабіста дапаўняючы злачынны план КР і Ціханоўскай", — гаворыцца ў даносе.

Аўтар паведамлення называе Аракеляна "ілжэдзеячам культуры, так званым джазавым саксафаністам". Уладзіміраў абураецца тым, што Белдзяржфілармонія дазволіла музыку выступаць на дзяржаўнай сцэне.

"Падрыўная правакацыйная дзейнасць Аракеляна ў сацсетках і штовечаровыя выступы ў гарадскіх дварах з мэтай дыскрэдытацыі ўлады і рэжыму злачынныя!" — заяўляе аўтар даносу.

Павел Аракелян пакінуў Беларусь пад канец 2022 года. Перад гэтым ён быў пазбаўлены магчымасці працаваць у краіне і быў вымушаны прадаваць свае інструменты, каб выжыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі